2016-11-28 12:25:00

Пантыфік са смуткам успрыняў смерць былога генерала езуітаў


Папа са смуткам успрыняў смерць свайго субрата, былога генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса, кс. Ханса Пэтэра Кольвэнбаха. Ён памёр 26 лістапада 2016 г. у Бейруце ва ўзросце 87 гадоў. Галандзец быў членам Ордэна Езуітаў 68 гадоў, з якіх 55 гадоў – як святар.

Францішак выказаў сардэчныя спачуванні ўсёй “езуіцкай сям’і”. Ён узгадаў вернасць памерлага Хрысту і Евангеллю, спалучаную са шчодрым імкненнем да шчырага выканання свайго служэння на карысць Касцёла. Пантыфік запэўніў у сваёй малітве за святара, просячы Божай міласэрнасці і вечнага спачынку для яго душы.

Ханс Пэтэр Кольвэнбах нарадзіўся ў Нідэрландах 30 лістапада 1928 г. Уступіў у навіцыят езуітаў у 1948 г. Вывучаў філасофію, лiнгвiстыку ў галандскім Нэймегене, затым быў скіраваны ў Ліван, дзе атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі ў езуіцкім універсітэце Святога Георгія ў Бейруце. У 1961 г. прыняў святарскае пасвячэнне. У 1983 г. стаў генералам Таварыства Езуса – Ордэна Езуітаў. 2 лютага 2006 г. кс. Кольвэнбах апавясціў субратоў, што са згоды папы Бэнэдыкта XVI падасць у адстаўку ў 2008 г., калі яму споўніцца 80 гадоў. Ён рэалізаваў свой намер, стаўшы другім у гісторыі Ордэна генеральным настаяцелем, які не застаўся на пасадзе пажыццёва.








All the contents on this site are copyrighted ©.