2016-11-27 11:46:00

Творы з Ватыканскіх музеяў выстаўлены ў Маскве


У Траццякоўскай галерэі ў Маскве адкрылася выстава твораў з Ватыканскіх музеяў. На інтэрнэт-старонцы расійскай мастацкай установы праект называецца “ўнікальным”. З 25 лістапада ў Інжынерным корпусе галерэі ўпершыню ў Расіі выстаўлена лепшая частка ватыканскай калекцыі – шэдэўры XII-XVIII стагоддзяў, у тым ліку працы Джавані Беліні, Мелоцца дзі Форлі, Перуджына, Рафаэля, Караваджо, Гвіда Рэні, Гверчына, Нікола Пусэна. 

Ніколі раней Ватыканскія музеі, якія ўваходзяць у дзесятку найбуйнейшых сусветных збораў, не вывозілі за свае межы адначасова такую значную колькасць выбітных твораў з пастаяннай экспазіцыі. Таму выстава стала падзеяй не толькі для Расіі і Еўропы, але і для ўсяго свету. На выставе прадстаўлена 42 карціны. 

Квіткі на экспазіцыю “Roma Aeterna. Шэдэўры Пінакатэкі Ватыкана. Беліні, Рафаэль, Караваджо” ў Траццякоўскай галерэі распрададзеныя да студзеня. “Нам вельмі складана выказаць здагадку, колькі будзе жадаючых наведаць выставу, але мы спадзяемся, што ўсе, хто пажадаюць, змогуць яе паглядзець”, - паведамілі ў дзяржаўнай галерэі.

“Roma Aeterna...” – гэта частка вялікага праекту: у 2017 г. у Ватыкане пройдзе зваротная выстава, істотную частку яе экспанатаў складуць творы рускага жывапісу на евангельскія сюжэты з калекцыі Траццякоўскай галерэі.








All the contents on this site are copyrighted ©.