2016-11-27 13:25:00

Папа: новы шлях веры, як заўсёды, мы пачынаем з Адвэнту


Папа Францішак пажадаў вернікам “добрага адвэнтавага падарожжа” на сустрэчу з Панам. 27 лістапада 2016 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, ён заклікаў выкарыстаць гэты час “рэальнай надзеі”, заснаванай на вернасці Богу і нашым абавязкам.

“Сёння ў Касцёле пачынаецца новы літургічны год, гэта значыць новы шлях веры Божага народа. І як заўсёды, мы пачынаем з Адвэнту, - нагадаў Папа. -Урывак з Евангелля (Мц 24, 37-44) знаёміць нас з адной з самых яркіх тэм Адвэнту: візітам Пана да чалавецтва. Першы візіт – мы ўсе ведаем, – меў месца ва Уцелаўленні, нараджэнні Езуса ў Бэтлееме. Другі ж адбываецца ў сучаснасці: Пан прыходзіць да нас пастаянна, наведвае кожны дзень, ідзе з намі – гэта суцяшальная прысутнасць. І, нарэшце, будзе трэці, апошні візіт, што мы вызнаем кожны раз, калі прамаўляем Сімвал веры: “І зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых”. Пан кажа нам сёння пра гэты візіт, што адбудзецца ў канцы часоў, і кажа, дзе завершыцца наш шлях.

Божае Слова выяўляе кантраст паміж нармальным ходам рэчаў, штодзённасцю, і раптоўным прыйсцем Пана. Езус кажа: “Як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж аж да таго дня, калі Ной увайшоў у каўчэг, і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх” (Мц 24, 38-39). Так кажа Езус. Нас заўсёды кранае, калі думаем пра гадзіны, якія папярэднічаюць вялікім бедствам: усе задаволеныя, робяць сваё, не разумеючы, што іх жыццё вось-вось будзе перавернута ўверх дном. Евангелле, вядома, не хоча, палохаць нас, але адкрыць наш гарызонт на іншае вымярэнне, нашмат большае, якое, з аднаго боку рэлятывізуе штодзённыя рэчы, але ў той жа час робіць іх каштоўнымі, вырашальнымі. Адносіны з Богам-Які-ррыходзіць-нас-наведаць дае кожнаму жэсту, кожнай рэчы іншае святло, маштаб, сімвалічнае значэнне.

З гэтага пункту гледжання гэта таксама заклік да цвярозасці, каб быць не ва ўладзе рэчаў гэтага свету, матэрыяльнай рэчаіснасці, а кіраваць імі. Бо, калі мы дазваляем ім абмяжоўваць нас і дамінаваць над намі, мы не зможам адчуць, што ёсць нешта значна больш важнае: наша канчатковая сустрэча з Панам. І гэта самае галоўнае, гэта сустрэча. І штодзённыя рэчы павінны мець гэтую перспектыву, павінны кіравацца да гэтага гарызонту. Гэта сустрэча з Панам, Які прыходзіць да нас. У той момант, як кажа Евангелле, “двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты” (Мц 24, 40). Гэта запрашэнне быць пільнымі, таму што, не ведаючы, калі Ён прыйдзе, мы заўсёды павінны быць гатовыя.

Падчас Адвэнту мы пакліканы пашырыць гарызонт нашых сэрцаў, каб не страціць захапленнея ад жыцця, якое прыходзіць кожны дзень з нечым новым. Таму трэба навучыцца незалежнасці ад нашай бяспекі, ад кансалідаваных схем, таму што Пан прыйдзе ў тую гадзіну, калі мы не спадзяемся. Прыйдзе, каб пазнаёміць нас з вымярэннем значна больш цудоўным і велічным.

Маці Божая, Дзева Адвэнту, няхай дапамагае нам не лічыць сябе ўладальнікамі свайго жыцці і не супрацівіцца, калі Пан прыйдзе змяніць яго, але быць гатовымі прыняць Яго як чаканага і жаданага госця, Які пераварочвае нашы планы”, - сказаў Папа падчас разважанняў перад “Анёл Панскі”.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы Францішак папрасіў вернікаў далучыцца да яго малітвы за людзей у Цэнтральнай Амерыцы, асабліва ў Коста-Рыцы і Нікарагуа, пацярпелых спачатку ад урагану, а затым ад моцнага землятрусу, а таксама за насельніцтва Паўночнай Італіі, якое пакутуе ад паводак.








All the contents on this site are copyrighted ©.