2016-11-25 14:13:00

Святы Айцец: ізаляцыя шкодная для чалавека


Для таго, каб вырашаць праблемы людзей, трэба пачынаць з самых нізоў, пабрудзіць свае рукі, быць адважным і слухаць іншых, - даў парады Францішак у відэапасланні да ўдзельнікаў Фестывалю каталіцкага сацыяльнага вучэння ў італьянскай Вероне. Папа падзяліўся разважаннем над тэмай форуму: “Сярод людзей”.

“Мы былі створаны, каб быць сярод іншых”, - нагадаў ён і дадаў, што ізаляцыя шкодная для чалавека. Яна спараджае страх і недавер, не дазваляе атрымліваць асалоды ад братэрства. Калі мы клапоцімся пра хворых, пажылых, мігрантаў, бедных, беспрацоўных, ускладняем сабе жыццё менш, чым калі засяроджваемся выключна на сабе, - заўважыў Святы Айцец. Не толькі іншыя маюць патрэбу ў нас, але і нам патрэбныя іншыя. Вопыт паказвае, што, як правіла, мы атрымліваем больш ад іншых, чым самі даем ім. 
“Быццё разам дапамагае нам бачыць разам. І калі мы бачым разам, наш погляд узмацняецца і становіцца відавочным, што ролі, якія кожны з нас выконвае ў кантэксце сацыяльнай дынамікі, не могуць ізалявацца і абсалютызавацца”, - сказаў у сваім відэапасланні Папа. 

“Калі народ аддзелены ад таго, хто ім кіруе, калі выбар робіцца сілавым метадам, не маючы грамадскай падтрымкі, калі той, хто кірае з’яўляецца больш важным, чым народ, а рашэнне прымаюцца нешматлікай групай або ананімным чынам ці прадыктаваны важнымі абставінамі, рэальнымі ці ўяўнымі, сацыяльны парадак знаходзіцца пад пагрозай, і наступствы могуць быць сур’ёзнымі: расце беднасць, пад пагрозай мір, улада грошай, пакуты людзей”, - заўважыў Францішак.

Папа адзначыў, што жывучы сярод людзей, можна ўбачыць мноства колераў, культур, рас і рэлігій. Багацце і прыгажосць разнастайнасці становяцца чымсьці адчувальным. 

Каталіцкіх сацыяльных актывістаў Святы Айцец заклікаў браць прыклад з Марыі. “Яна служыць, з пакорай, з міласэрнасцю, у шляху з намі, канкрэтная, ніколі не ў цэнтры, але заўсёды прысутнічае. Калі паглядзём на яе, зразумеем найлепшы спосаб быцця сярод людзей”, - сказаў Францішак у відэазвароце да ўдзельнікаў “сацыяльнага” Фестывалю.








All the contents on this site are copyrighted ©.