2016-11-25 13:03:00

Папа падарыў арганізатарам пілігрымак для інвалідаў кемпер


Італьянская дабрачынная асацыяцыя “UNITALSI”, якая займаецца арганізацыяй пілігрымак для інвалідаў, атрымала ў якасці падарунка ад Святога Айца аўтакемпер з пажаданнем, каб “ён служыў інструментам міласэрнасці для сямей у складаным становішчы і няпоўнаспраўных людзей”. Цырымонію ўручэння аўтамабіля ад імя Пантыфіка здзейсніў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі.

Кемпер быў падораны Францішку 22 кастрычніка 2016 г. з нагоды юбілею “Plein Air”, які ў той дзень сабраў на плошчы св. Пятра ў Ватыкане больш за 3 тыс. прыхільнікаў вольнага турызму і падарожжаў на кемперах, каб узгадаць пра каштоўнасці, да якіх заклікае энцыкліка “Laudato si’”.

“Папа Францішак добра ведае “UNITALSI” і цэніць увагу і клопат, якія праяўляе арганізацыя ў дачыненні да хворых людзей і інвалідаў”, - пракаментаваў арцыбіскуп Фізікела. Таму, дадаў іерарх, Пантыфік адразу ж пагадзіўся на прапанову перадаць атрыманы дом на калёсах гэтай дабрачыннай структуры.

Старшыня асацыяцыі “UNITALSI” Антоніа Дзіела запэўніў, што аўтадом “будзе выкарыстоўвацца для дапамогі рымскім сем’ям, сярод членаў якіх ёсць няпоўнаспраўныя асобы”, а таксама падчас праекту “Канікулы без межаў”, у рамках якога інваліды адпраўляюцца ў турыстычныя вандроўкі па ваколіцах Рыма. Падораны дом на калёсах стане дапамогай падчас збору інфармацыі аб тэрміновых патрэбах шматлікіх рымскіх сем’яў, якія сутыкнуліся з неабходнасцю даглядаць за сваімі хворымі блізкімі.








All the contents on this site are copyrighted ©.