2016-11-24 15:19:00

Пантыфік правёў адкрыты дыялог з езуітамі


“La Civiltà Cattolica” апублікавала сёння спантанны дыялог папы Францішка з езуітамі, які адбыўся 24 кастрычніка 2016 г. падчас іх 36-й Генеральнай кангрэгацыі. Сёння “вялікая палітыка, усё больш і больш дэградуе да малой, - лічыць Францішак, хоць менавіта яна з’яўляецца адной з самых высокіх форм любові. Ён чарговы раз нагадаў, што свет знаходзіцца на этапе “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны”, таму тэрмінова патрабуецца праца на карысць міру. Войны – гэта вынік гісторыі каланізацыі і эксплуатацыі.

Размова ішла і пра дакумент “Laudato si’”. Папа падкрэсліў, што гэта не “экалагічная энцыкліка”, а сацыяльная, паколькі кажа пра пакуты самых бедных ад наступстваў экалагічнага крызісу. У кантэксце правоў самых неабароненых, ён узгадаў пра пашырэнне беспрацоўя, якое, на яго думку, з’яўляецца вынікам сучаснай “ліквіднасці” эканомікі і працы.

Клерыкалізм Пантыфік назваў сапраўдным злом і супрацьставіў яму “Касцёл бедны і для бедных”. Ён назваў гэту з’яву “найбольш сур’ёзнай формай багацця, на якую ў цяперашні час мы пакутуем у Касцёле”. Большасць бедаў і скандалаў, якія маюць месца ў касцёльным асяроддзі, паходзяць ад грошай. Адзінае, што больш-менш захавалася ад клерыкалізму, гэта народная пабожнасць, перакананы Святы Айцец.

Крызіс пакліканняў да святарства Францішак пракаментаваў так: “Я лічу, што пакліканні ёсць, проста трэба спытаць, як на іх адказваюць і якую дапамогу ім аказваюць”. Святар, калі заўсёды спяшаецца, калі заняты тысячу адміністрацыйных пытанняў, не можа эфектыўна дапамагаць у распазнаванні і ўзрастанні пакліканняў. І гэта Пантыфік назваў “самагубствам” для Касцёла.

Распазнаванне, паводле Францішка, “з’яўляецца ключавым элементам” у падыходзе да маральных пытанняў. Ён звярнуў увагу на “адсутнасць праніклівасці ў фармацыі святароў”, што нараджае рызыку прызвычаення да “чорна-белага” падыходу. Папа выступіў супраць казуістычнага разумення маралі. Ён перакананы, што тэалогію трэба вывучаць у кантэксце рэальнага жыцця: тут патрэбна навуковае даследаванне, кантакт з рэальнасцю, малітва і асабістая і супольнасная праніклівасць.

Адказваючы на пытанне аб праблеме карэнных народаў, Пантыфік заўважыў, ворагам тут з’яўляецца глабалізацыя, і заклікаў да адмовы ад “каланіяльнай герменеўтыкі” цэнтралізацыйнага тыпу, дзе ўладная імперыя навязвае сваю веру і сваю культуру.

У канцы размовы Францішак прызнаўся, што ў жыцці ён “даволі песімістычны”, “схільны звяртаць увагу на тую частку, якая не працуе”. Антыдэпрэсантам для яго тут з’яўляецца давер да Пана і вера ў Яго прысутнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.