2016-11-24 11:22:00

Апублікавана праграма папскіх цэлебрацый на святочны перыяд


Эўхарыстыя ў ноч Божага Нараджэння, благаслаўленне “Urbi et Orbi”, літургія ва Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень міру – гэта галоўныя падзеі з ўдзелам Францішка ў бліжэйшыя тыдні. 24 лістапада 2016 г. у Ватыкане апублікавалі афіцыйную праграму цэлебрацый, якія ўзначаліць Папа.

12 снежня ў базыліцы св. Пятра Пантыфік правядзе св. Імшу ў інтэнцыі краін Лацінскай Амерыкі, з нагоды свята Маці Божай Гвадэлупскай. У літургіі, традыцыйна, прымуць удзел шматлікія іерархі з лацінаамерыканскага рэгіёна.

Вігілійная св. Імша на Божае Нараджэнне пачнецца ў ватыканскай базыліцы 24 снежня ў 21.30, а на наступны дзень, у 12.00, Святы Айцец, з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма свету, удзеліць урачыстае благаслаўленне “Urbi et Orbi” (Гораду і свету) і звернецца са сваім “пасланнем міру”.

Вечарам 31 снежня Францішак узначаліць святочныя Нешпары, якія стануць падзякай за адыходзячы год. Пантыфік будзе таксама цэлебраваць св. Імшы на пачатку 2017 г.:1 студзеня, у Сусветны дзень міру, 6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, і 8 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана. Апошняя Эўхарыстыя будзе праходзіць у Сікстынскай капэле, падчас яе Папа ўдзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.

25 студзеня вечарам, у свята навяртання св. Паўла Апостала, у рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі Францішак узначаліць малітву Нешпараў на завяршэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.