2016-11-23 15:17:00

Падрыхтоўчы дакумент будучага Сінода абмеркавалі ў Ватыкане


21-22 лістапада 2016 г. у Ватыкане прайшло другое пасяджэнне XIV Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў, якое ўзначаліў папа Францішак. 

Быў разгледжаны Падрыхтоўчы дакумент XV Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Яна пройдзе ў кастрычніку 2018 г. Члены Рады высока ацанілі праект дакументу і ўнеслі свае прапановы. Ён утрымлівае ў сабе анкету, і адрасаваны Канферэнцыям Біскупаў, Сінодам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў “sui iuris” і іншым касцёльным інстытутам. 

Над анкетай працавалі ў малых групах, падзеленых па кантынетнальным прынцыпе. Іх прапановы былі сабраны і ўключаны ў базавы дакумент, які быў адзінагалосна зацверджаны.

Члены Звычайнай рады Сінода абмяняліся думкамі адносна перагляду “Ordo Synodi Episcoporum” – парадку правядзення Сінода.

Прыняць удзел у пасяджэнні былі запрошаны кіраўнікі трох дыкастэрый Рымскай курыі, з улікам іх кампетэнцыі ў пытаннях, якім будзе прысвечаны будучы Сінод: кардынал Жоао Браз дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, і кардынал Кевін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.