2016-11-22 14:38:00

Кардынал Паралін у ФАО: бараніць правы рыбаловаў


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін заклікаў абараніць рыбаловаў, якія нярэдка становяцца ахвярамі гандлю людзьмі, прымусовай працы і адносін, што прыніжаюць чалавечую годнасць. З адмысловым заклікам кіраўнік ватыканскай дыпламатыі звярнуўся падчас канферэнцыі, якая адбылася ў рымскай сядзібе Сусветнай харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО). Форум прайшоў 21 лістапада 2016 г. і быў прымеркаваны да Сусветнага дня рыбалоўства.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца падкрэсліў, што недастаткова толькі разважаць аб прычынах, па якіх людзі звяртаюцца да кантрабандыстаў і гандляроў людзьмі, а неабходна стварыць для іх альтэрнатыўныя магчымасці.

Прысутны на форуме кардынал Антоніа Марыя Вельё, старшыня Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў, адзначыў патрэбу ў асаблівай увазе да людзей, “якія кожны дзень рызыкуюць жыццём у моры, каб іх роспачны крык не згубіўся ў шуме хваляў”.

Паводле Генеральнага дырэктара ФАО, Жазэ Грацыяну да Сілвы, рыбная індустрыя ва ўсім свеце штогадова прыносіць каля 135 млрд. долараў экспартнага прыбытку, а краіны якія развіваюцца, за апошніх 40 гадоў павялічылі сваю долю агульнага аб’ему міжнароднага гандлю рыбай з 37% да 60%. “Разам з Апостальскай Сталіцай мы заклікаем неадкладна пакласці канец парушэнням правоў чалавека ў рыбалоўным сектары”, - сказаў ён.

Рымская канферэнцыя з нагоды Сусветнага дня рыбалоўства была сумесна арганізавана Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй Аб’яднаных Нацый і Святым Пасадам. Яе ўдзельнікі выступілі за ратыфікацыю і выкананне міжнародных пагадненняў супраць незаконнага рыбнага промыслу і прымусовай працы ў гэтай сферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.