2016-11-22 13:14:00

Дабрачынныя ініцыятывы Папы ў інтэрнэце


У вернікаў ва ўсім свеце з’явілася дадатковая магчымасць падтрымаць дабрачынныя ініцыятывы Святога Айца. Цяпер ахвяраванні, якія будуць накіраваны Пантыфікам на рэалізацыю канкрэтных справаў міласэрнасці, можна рабіць з дапамогай адмысловага сайту, які быў створаны ў Ватыкане і пачаў дзейнічаць 21 лістапада 2016 г. 

Назва рэсурса – www.obolodisanpietro.va – нагадвае пра традыцыйны збор ахвяраванняў, вядомы як “Грош св. Пятра” (Obolo di san Pietro). Ён праходзіць штогод ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта традыцыя была ўведзена ў паўсюдную практыку Касцёла у 1871 г. энцыклікай папы Пія IX “Saepe Venerabilis”, а шырокае распаўсюджанне атрымала ў XX ст.

На дадзены момант сайт мае тры моўныя версіі: італьянскую, англійскую і іспанскую. З цягам часу іх колькасць павялічыцца, адзначаецца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Акрамя магчымасці канкрэтным чынам паўдзельнічаць у ініцыятывах міласэрнасці Святога Айца, сайт знаёміць з некаторымі дабрачыннымі праектамі Святога Пасаду, прамовамі Папы на тэму міласэрнасці, старажытнай гісторыяй ініцыятывы “Грош св. Пятра”.

Рэсурс быў створаны ў выніку супрацоўніцтва Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, Сакратарыяту па камунікацыі і Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк.








All the contents on this site are copyrighted ©.