2016-11-21 15:01:00

Святы Айцец падвёў вынікі Году Міласэрнасці


Юбілейны год даў магчымасць Касцёлу гучна абвясціць пасланне пра Божую міласэрнасць свету, які пакутуе ад хваробы адчужэння, закрытасці сэрцаў, эгаізму, адзначыў Пантыфік у інтэрв’ю СМІ Канферэнцыі Біскупаў Італіі: тэлеканалу “TV 2000” і радыёстанцыі “InBlue Radio”. У 40-хвіліннай размове, якая трансліравалася вечарам 20 лістапада 2016 г. Святы Айцец падвёў вынікі Года Міласэрнасці.

Паводле яго слоў, вельмі важна, што Юбілей прайшоў не толькі ў Рыме, але ва ўсім свеце. Ён дапамог многім адчуць “атмасферу” гэтай падзеі і адкрыць свае сэрцы, перакананы Папа.

Каментуючы ініцыятыву “Пятніцы міласэрнасці”, у рамках якой ён кожны месяц наведваў людзей, асаблівым чынам патрабуючых спагады і падтрымкі, Францішак ўзгадаў пра сустрэчу з жанчынамі, вызваленымі з рабства прастытуцыі. Ён заўважыў, што кліенты прастытутак сваімі грашыма падтрымліваюць сапраўдных злачынцаў.

Паводле Святога Айца, грошы – гэта адзін з найбольшых ворагаў Бога. Існаванне Касцёла “беднага і для бедных” – гэта не ўтопія, але ідэал за які трэба змагацца, “таму што спакуса багаццяў – вельмі вялікая”, лічыць Пантыфік.

Гаворачы аб сітуацыі зняволеных у турмах, Францішак адзначыў важнасць іх падрыхтоўкі да вяртання ў грамадства. У гэтым сэнсе турма падобна на чысцец, сказаў ён і дадаў, што пакаранне не павінна пазбаўляць надзеі. Па гэтай прычыне непрымальным з’яўляецца пакаранне смерцю.

Адпавядаючы на пытанне пра тое, адкуль ў Папы сілы, каб у амаль 80-гадовым узросце прытрымлівацца высокага рытму працы, ён адказаў, што шмат моліцца, добра спіць, а таксама робіць не больш за тое, што можа.








All the contents on this site are copyrighted ©.