2016-11-20 10:13:00

Францішак зачыніў Святыя Дзверы ў ватыканскай базыліцы


Папа Францішак 20 лістапада 2016 г., перад ўрачыстай літургіяй на ватыканскай плошчы, зачыніў Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра.Такім чынам завершыўся Надзвычайны Святы Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле, які распачаўся 8 снежня 2015 г. ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго дэвізам былі словы, узятыя з Евангелля паводле св. Лукі: “Міласэрныя, як і Айцец”. Лагатып Юбілею уяўляў сабой выяву Хрыста, які нясе на сваіх плячах знясіленага чалавека.

У гэты час у Рыме прабывала, паводле ацэнак афіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу падзеі, каардынатарам якой была Папская рада па новай евангелізацыі, больш за 20 млн. пілігрымаў з усяго свету, якія пераступілі праз Брамы міласэрнасці ў ватыканскай і іншых рымскіх базыліках.

Святыя Дзверы ватыканская базыліка св. Пятра атрымала ў дар ад швейцарскіх католікаў, як выраз падзякі Богу за тое, што выратаваў іх краіну ад зверстваў і катастроф Другой сусветнай вайны. Яны былі ўсталяваны да Юбілею 1950 года.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.