2016-11-19 12:17:00

У Касцёле 17 новых кардыналаў


Каталіцкі Касцёл мае 17 новых кардыналаў. 19 лістапада 2016 г. у ватыканскай базыліцы св. Пятра прайшоў кансісторый, падчас якога папа Францішак надаў кардынальскую годнасць прадстаўнікам трынаццаці краін свету: Італіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Іспаніі, Бразіліі, ЗША, Бангладэшу, Венесуэлы, Бельгіі, Маўрыйкія, Мексікі, Малайзіі, Албаніі, Папуа-Новай Гвінеі. Кардынал Себасціян Кота Хаараі з Лесота не змог прыняць удзел у цырымоніі. Сімвалы кардынальскай годнасці яму будуць перарадзены праз спецыяльнага папскага пасланніка.

На пачатку кансісторыя ад імя новых пурпуратаў да Святога Айца звярнуўся кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі нунцый у Сірыі. Ён казаў аб гатоўнасці кардыналаў, выконваючы заклік Пантыфіка, імкнуцца да экзістэнцыяльных перыферый чалавецтва, нясучы яму святло веры і з радасцю абвяшчаючы Евангелле. Пурпурат з удзячнасцю распавёў аб клопаце Папы аб Паўсюдным Касцёле, а таксама яго намаганнях на карысць бежанцаў, салідарнасці паміж народамі, іх інтэгральным развіцці, супраць войнаў і насілля ў розных часткай свету.

Пасля кароткай Літургіі слова і гаміліі, Пантыфік прачытаў спіс новых кардыналаў. Затым яны здзейснілі вызнанне веры і склалі прысягу вернасці Святому Айцу і яго наступнікам. Францішак абвясціў, што трое з новапрызначаных пурпуратаў – кардынал Марыё Дзэнары, з Італіі, кардынал Кевін Джозэф Фарэл, з ЗША і кардынал Эрнэст Сымані, з Албаніі – будуць кардыналамі-дыяканамі, а астатнія чатырнаццаць: кардыналамі-прэзбітэрамі.

Кожны з іх падыходзіў да Папы і становячыся на калені прымаў сімвалы кардынальскай годнасці: пурпурны берэт, пярсцёнак і булу аб прызначэнні тытулярнага касцёла ці дыяканіі.

На сённяшні дзень Калегія кардыналаў налічвае 228 членаў, з якіх 121 мае права голасу на канклаве. 

Самым маладым кардыналам стаў Д’ёдонэ Нзапалаінга, арцыбіскуп Бангі, сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якому 50 гадоў. Найстарэйшым з’яўляецца былы арцыбіскуп Манісалес ў Калумбіі – кардынал Хасэ дэ Хесус Пімьента Радрыгес, які нарадзіўся ў 1919 г.

Як сказаў сам Пантыфік, шматнацыянальнасць групы новых кардыналаў выяўляе ўніверсальнасць Касцёла, які абвяшчае і сведчыць аб Добрай Навіне ў кожным кутку зямлі. Гэта выяўляе таксама непарыўную сувязь паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовымі Касцёламі, раскіданымі па ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.