2016-11-18 14:24:00

Папа да святароў: прасіце Бога аб ласцы хрысціянскай беднасці


Людзі не прабачаюць святару залежнасці ад грошай. Няхай жа Бог дасць нам ласку хрысціянскай беднасці, - пажадаў Святы Айцец, каментуючы ўрывак з Евангелля паводле св. Лукі (Лк 19, 45–48) 18 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. На ёй прысутнічалі 163 супрацоўнікі папскіх дыпламатычных структур – саветнікі, сакратары і адказныя асобы, якія па запрашэнні Пантыфіка сабраліся ў Ватыкане для святкавання Юбілею Міласэрнасці.

“Езус увайшоў у святыню і пачаў выганяць гандляроў, кажучы ім: Напісана: дом Мой ёсць домам малітвы, а вы зрабілі з яго логава злодзеяў”, - гаворыцца ў Святым Пісанні. Такім чынам, на думку Папы, Пан Бог дае нам зразумець, “дзе знаходзіцца зерне бязбожнасці, зерне ворага, зерне, якое разбурае Божае Валадарства” – у залежнасці ад грошай. “Сэрца, залежнае ад грошай, – гэта ідалапаконніцкае сэрца,” – сказаў Пантыфік.

Ён нагадаў перасцярогу Езуса, што “ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам” – Богу і мамоне (Лк 16, 13). Аднак мы можам зрабіць выбар, працягнуў Папа. Народ Божы “прабачае святарам шмат слабасцяў, шмат грахоў, але не можа прабачыць дзвюх рэчаў” – залежнасці ад грошай і дрэннага абыходжання з людзьмі, - адзначыў Святы Айцец.

Францішак заклікаў святароў зрабіць сапраўдны рахунак сумлення і шчыра вызнаць перад абліччам Бога, хто з’яўляецца іх гаспадаром – Бог ці “гэты тэрафім, схаваны ў сэрцы, гэты ідал грошай”: “Будзьце мужнымі! Зрабіце выбар!”, - заклікаў ён.

Францішак ухваліў заробак любога сумленнага работніка – дастатковую колькасць грошай, якая не вядзе да ідалапаклонства, не выклікае прагі нажывы. Пантыфік заклікаў святароў прасіць Бога, “каб даў ласку хрысціянскай беднасці”, “гэтай беднасці працаўнікоў, якія працуюць і зарабляюць колькі належыць і не шукаюць большага”.








All the contents on this site are copyrighted ©.