2016-11-17 14:53:00

Ватыканскі іерарх пра інтэрпрэтацыю „Amoris laetitia”


Інтэрпрэтацыя паслясінадальнай адгартацыі „Amoris laetitia” па-ранейшаму сутыкаецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі. Па словах прэфекта новай Дыкастэрыі па пытаннях свецкіх, сям’і і жыцця, біскупа Кевіна Фарэла, епіскапаты паасобных краін павінны забяспечыць агульнае тлумачэнне гэтага дакумента, каб не ўзнікала недастатковага разумення і рознагалоссяў паміж паасобнымі біскупамі і дыяцэзіямі.

Іерарх, які на кансісторыі 19 лістапада атрымае знакі кардынальскай годнасці, спаслаўся на сітуацыю ў сваёй краіне, дзе была створана спецыяльная камісія пры епіскапаце па ажыццяўленні палажэнняў паслясінадальнай адгартацыі. Яе старшынёй з’яўляецца Мітрапаліт Філадэльфіі, арцыбіскуп Чарльз Шап'ю. Сам ён, аднак, апублікаваў палажэнні па інтэрпрэтацыі папскага дакумента ў сваёй архідыяцэзіі. Яны прадугледжваюць, што разведзеныя людзі, якія жывуць у новых саюзах, павінны быць прыняты ў парафіях і забяспечаны падтрымкай, аднак, яны не могуць прымаць св. Камуніі, калі не практыкуюць сексуальнага ўстрымання.

Кіраўнік новай ватыканскай дыкастэрыі заявіў, што на яго думку, існуюць вельмі розныя абставіны і сітуацыі, якія павінны быць прыняты пад увагу. Вядома, існуе аб’ектыўны маральны закон, але не знойдзеш нават дзьвух пар, якія б развяліся і якія ўступілі ў новы саюз па аднолькавых прычынах, сказаў біскуп Фарэл. Ён нагадаў, што кожныя выхадныя ў касцёл прыходзяць многія разведзеныя католікі, якія жывуць у паўторным саюзе. “Мы павінны паспрабаваць знайсці спосаб, каб давесці іх да поўнай камуніі”, - падкрэсліў кіраўнік дыкастэрыі, якая адказвае, у прыватнасці, за душпастырства сем’яў у Каталіцкім Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.