2016-11-16 15:14:00

Святы Пасад прыме ўдзел у “Expo 2017” у Астане


Апостальская Сталіца прыме ўдзел у Сусветнай выставе “Expo 2017”, якая пройдзе ў Астане на тэму “Энергія будучыні” . Адмысловае пагадненне з боку Святога Пасаду падпісаў яшчэ 29 красавіка 2016 г. старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, кардынал Пітэр Тарксан.

У гэтыя дні ватыканскі іерарх знаходзіцца ў Казахстане. Мэтай візіту галоўнага арганізатара форуму з боку Святога Пасаду з’яўляецца сустрэча з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла, з якімі ў бліжэйшыя месяцы і да канца правядзення выставы будзе ажыццяўляцца блізкае супрацоўніцтва, гаворыцца ў спецыяльнай заяве.

16 лістапада 2016 г. у Алматы, на адмысловай прэс-канферэнцыі, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”, разам з казахстанскімі каталіцкімі біскупамі, прадставіў канцэпцыю выставачнага стэнду, мерапрыемстваў і інфармацыйных матэрыялаў Апостальскай Сталіцы на “Expo 2017”. Агульная назва праекту: “Энергія для супольнага дабра – клопат аб нашым агульным доме”.

Падчас прэзентацыі было адзначана, што “здаровае кіраванне ў пытаннях энергетыкі без сумневу з’яўляецца адной з галоўных праблем нашага часу, якая павінна быць вырашана згодна з прынцыпамі адказнасці, устойлівасці, інклюзіўнасці і роўнасці”. Было таксама падкрэслена, што “энергія з’яўляецца адной з важнейшых тэм энцыклік “Laudato si’” папы Францішка і “Caritas in veritate” Бэнэдыкта XVI. Акрамя таго ў 2013 г. Папскай радай “Iustitia et pax” быў выдадзены зборнік тэкстаў пад назвай “Энергія, справядлівасць і мір”. 

Сусветная выстава ў Астане будзе праходзіць з 10 чэрвеня па 10 верасня 2017 г. У ёй прымуць удзел каля 100 краін і арганізацый. Плануецца, што форум наведае каля ад 2 да 3 млн. чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.