2016-11-16 11:55:00

Папа нагадаў пра важнасць цярплівасці, пакоры і сціпласці


Цярпліва зносіць надакучлівых людзей і з пакорай дапамагаць пазнаваць істотнае, заклікаў Святы Айцец у сваёй катэхезе 16 лістапада 2016 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У ёй Францішак спаслаўся на некалькі ўчынкаў міласэрнасці для душы бліжняга: “цярпліва зносіць знявагі”, “настаўляць грэшнікаў” і “вучыць тых, хто не ведае”. 

Паводле Папы, у жыцці часта даводзіцца сустракаць цяжціх і надакучлівых людзей, але адносіны да іх патрабуюць міласэрнасці і цярпення, чаму вучыць сам Бог са старонак Святога Пісання. 

“Напрыклад, у Кнізе Зыходу народ станавіўся па-сапраўднаму нязносным: напачатку плакаў, бо знаходзіўся ў егіпецкім рабстве, і Бог яго вызваліў; затым, у пустыні, наракаў, што не меў ежы, і Бог паслаў перапёлак і манну, але, нягледзячы на ўсё гэта, нараканні не скончыліся. Майсей выступаў пасярэднікам паміж Богам і народам, але таксама і ён часта быў надакучлівым у адносінах да Пана. Бог жа меў цярплівасць і такім чынам навучыў Майсея і народ гэтаму істотнаму вымярэнню веры”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць саміх сябе, ці не з’яўляюцца яны самі нязноснымі для сваіх бліжніх, “бо вельмі лёгка ўказваць пальцам на хібы і памылкі іншых”.

Святы Айцец заўважыў, што Езус быў вельмі цярплівым на працягу трох гадоў свайго публічнага жыцця і служэння. У якасці прыкладу, ён спаслаўся на евангельскую гісторыю пра маці Якуба і Яна, якая “лабіравава” інтарэсы сваіх сыноў, патрабавала для іх прывілеяў. 

“Але нават ад гэтай сітуацыі Езус адштурхнуўся, каб даць каштоўны ўрок: Яго Валадарства не з’яўляецца валадарствам улады, валадарствам хвалы, як зямныя, але валадарствам служэння і дару для іншых. Езус вучыць заўсёды імкнуцца да істотнага і глядзець далей, каб з адказнасцю прыняць сваю місію. Мы можам убачыць тут заклік да двух іншых учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга: “настаўляць грэшнікаў” і “вучыць тых, хто не ведае”. Падумаем пра вялікія намаганні, якія прыкладаюцца, калі дапамагаем людзям узрастаць у веры і ў жыцці. Я думаю, напрыклад, пра катэхетаў, сярод якіх ёсць мноства маці і законніц, і якія прысвячаюць час навучанню дзяцей элементарным асновам веры. Колькі намаганняў, асабліва калі дзеці аддаюць перавагу гульням, а не пазнанню катэхізіса!”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што людзі часта спыняюцца на павярхоўных, эфімерных і банальных рэчах, таму што не сустрэлі тых, хто можа “дапамагчы адкрыць каштоўнасць сапраўдных скарбаў”. 

“Вучыць глядзець на істотнае – гэта термінова важная дапамога, асабліва ў час, як наш, калі, здаецца, згублена арыентацыя і аддаецца перавага кароткачасовым задавальненням. Вучыць пазнанню таго, што Пан хоча ад нас, таму, як можна адказаць Яму, азначае ставіць на шлях росту ва ўласным пакліканні, на шлях сапраўднай радасці. Так словы Езуса да маці Якуба і Яна, а затым і ўсёй групы вучняў, указваюць шлях, які дапамагае пазбегнуць зайздрасці, амбіцый, ліслівасці, спакусаў, якія заўсёды падсцерагаюць нас, хрысціян. Патрэба ў радзе, настаўленні і навучанні не павінна выклікаць у нас пачуццё перавагі над іншымі, але абавязваць нас, перш за ўсё, паглядзець на сябе, каб праверыць: ці сапраўды мы самі адпавядаем таму, чаго патрабуем ад іншых”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў словы Хрыста: “Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?”, і заклікаў прасіць Святога Духа, каб навучыў цярплівасці, пакоры і сціпласці ў адносінах з бліжнімі.








All the contents on this site are copyrighted ©.