2016-11-15 14:59:00

Францішак сустрэўся з галандскімі вернікамі


“Увесь свет і ўсе мы маем патрэбу ў Божай міласэрнасці”, з якой “асаблівым чынам сустракаемся ў сакрамэнце споведзі”, падкрэсліў папа Францішак у кароткім прывітанні да вернікаў з Галандыі, удзельнікаў пілігрымкі ў Вечны горад. Раніцай 15 лістапада 2016 г. яны сабраліся на Эўхарыстыі ля магілы св. Пятра. Пантыфік звярнуўся да іх напрыканцы літургіі.

“Споведзь – гэта месца, дзе атрымліваецца дар прабачэння і міласэрнасці Бога, а таксама пачынаецца “пераўтварэнне кожнага з нас і рэформа жыцця Касцёла”, дадаў Папа. Ён заклікаў галандскіх пілігрымаў адкрыць свае сэрцы і дазволіць Божай міласэрнасці перамяніць сябе, стаць яе прыладамі і сведчыць аб любові Пана ў штодзённым жыцці.

“Нашы сучаснікі прагнуць Бога, маюць прагненне Яго дабрыні і любові. Таксама і вы, як “каналы” міласэрнасці, можаце дапамагчы наталіць гэта прагненне, можаце дапамагчы многім людзям пазнаць Хрыста, Збаўцу і Адкупіцеля чалавецтва. Як місійныя вучні Езуса вы можаце “арасіць” грамадства абвяшчэннем Евангелля і любоўю, асабліва да найбольш патрабуючых і пакінутых самім сабе”, - сказаў Папа.

У пілігрымцы галандскіх вернікаў у Ватыкан прынялі ўдзел каля 2 тыс. чалавек. Янв прайшла ў рамках агульнанацыянальнага святкавання Юбілейнага Года Міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.