2016-11-15 12:31:00

Святы Пасад заклікае стварыць бяспечныя ўмовы для рыбаловаў


Апостальская Сталіца заклікае да барацьбы з выкарыстаннем прымусовай працы ў сферы рыбнай лоўлі. Адпаведны заклік ўтрымліваецца ў апублікаваным 15 лістапада 2016 г. пасланні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў з нагоды Сусветнага дня рыбалоўства. Ён штогадова адзначацца 21 лістапада.

Незаконны рыбны промысел з’яўляецца важнай экалагічнай праблемай, якая правакуе цяжкія эканамічныя страты і ўяўляе сабой пагрозу для харчовай бяспекі шматлікіх краін, гаворыцца ў пасланні.

Аднак заклапочанасць Апостальскай Сталіцы выклікае не толькі сітуацыя марскіх рэсурсаў, але і людзей, задзейнічаных у рыбным промысле. “Шырока вядома, што рыбная індустрыя з’яўляецца адной з самых небяспечных па частаце працоўных здарэнняў і высокім узроўні смяротнасці. У гэты Сусветны дзень рыбалоўства мы хочам звярнуць увагу таксама на шматлікіх рыбакоў, якія жывуць у сітуацыі эксплуатацыі і злоўжыванняў”, - гаворыцца ў пасланні.

У сферы рыбнай лоўлі сотні тысяч унутраных і міжнародных мігрантаў становяцца ахвярамі гандлю людзьмі і прымусовай працы на рыбалоўных судах. Гэтаму садзейнічаюць сеткі злачынных арганізацый, а таксама асобы, якія эксплуатуюць людзей, што апынуліся ў стане беднасці ці адчайнага пошуку працы. Абцяжарвае сітуацыю ахвяр такіх злачынстваў доўгае знаходжанне рыбалоўных судоў у моры, што робіць амаль немагчымым іх зварот у адпаведныя праваахоўныя органы.

Папская рада пастырства мігрантаў і падарожнікаў звярнулася з заклікам да ўрадаў, каб на рыбалоўных судах былі створаны добрыя і бяспечныя ўмовы для рыбаловаў, а таксама былі канчаткова ратыфікаваны і ўвайшлі ў сілу адмысловыя міжнародныя дакументы, якія рэгулююць гэту сферу. 








All the contents on this site are copyrighted ©.