2016-11-15 12:22:00

Святы Айцец: экалагічныя праблемы ад чалавечай дэградацыі


Пантыфік скіраваў сваё пасланне да ўдзельнікаў 22-й сесіі Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Яна праходзіць у Маракешы 7-18 лістапада 2016 г. Францішак лічыць, што “бягучая сітуацыя пагаршэння стану навакольнага асяроддзя цесна звязана з дэградацыяй чалавечай, сацыяльнай і этычнай”. На гэтыя выклікі трэба даць “калектыўны адказ”. 

Чалавецтву патрэбны “іншы від прагрэсу, больш здаровы, больш гуманны, больш сацыяльны і больш інтэгральны”, здольны паставіць эканоміку на службу чалавечай асобы, пабудаваць мір і справядлівасць, захаваць навакольнае асяроддзе, падкрэсліў ён.

Пантыфік у пазітыўным ключы ўзгадаў Парыжскае пагадненне і заўважыў, што яго палажэнні закранаюць ўсё чалавецтва, асабліва самых бедных і будучыя пакаленні, заклікаюць да сур’ёзнай этычнай і маральнай адказнасці, неадкладных дзеянняў. Ён пажадаў удзельнікам форуму знайсці і распрацаваць больш канкрэтныя правілы, інстытуцыйныя механізмы і элементы, неабходныя для належнага і эфектыўнага ажыццяўлення Пагаднення. Тут патрэбны не толькі тэхнічны дыялог, але і палітычная воля.

Папа заклікаў да салідарнасці ў адносінах да найбольш неабароненых груп насельніцтва, паколькі барацьба са змяненнем клімату і беднасцю цесна звязана з намаганнямі на карысць трывалых сувязяў. Не можна абямяжоўвацца выключна эканамічнымі і тэхналагічнымі аспектамі, патрэбна адукацыя і пашырэнне ладу жыцця, накіраваныя на падтрымку ўстойлівых мадэляў вытворчасці і спажывання. Стыль жыцця, заснаваны на “культуры адчужэння” з’яўляецца непрымальным і не павінен мець месца ў мадэлях развіцця і адукацыі”, - падкрэсліў у сваім пасланні Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.