2016-11-15 10:41:00

Беларусь: кніга маці 18 дзяцей – майстар-клас для сужонкаў


Вядомыя каталіцкія сужэнцы з іспанскай Барселоны – Хасэмарыя Пасціга і Роза Пік – наведаюць Беларусь 25-27 лістапада 2016 г. Маці васямнаццаці дзяцей прэзентуе сваю кнігу “Як жыць шчасліва ў сям’і з 1,2,3... дзецьмі?”, якая толькі-што выйшла на беларускай мове, а Роза Пік правядзе прэзентацыю курсаў Міжнароднай федэрацыі па развіцці сям’і (IFFD).

Як адзначыла ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё адна з арганізатараў прыезду іспанцаў, гомельская парафіянка Алена Германовіч, сустрэча з вядомымі сужэнцамі стане добрым мэседжам для мясцовых сем’яў. “Мы гасцявалі ў іх сям’і, бачылі іх жыццё знутры, іх стасункі з дзецьмі, тое, з якой ахвярнасцю, любоўю і радасцю яны клапаціліся адзін аб адным і аб нас таксама. Гэта сапраўды шчаслівая сям’я, якая жадае падзяліцца сваім шчасцем з іншымі, паказаць, што быць бацькамі – гэта не цярпенне, не крыж, а радасць, што можна атрымліваць асалоду ад жыцця ў сям’і. Роза казала, што мэта яе кнігі – паказаць вельмі простыя рэчы, якія можна штодня практыкаваць ва ўласнай сям’і і цудоўна бавіць час, маючы аднаго, двух, трох і болей дзяцей”, - распавяла арганізатар.

У сям’і Пасціга-Пік нарадзілася 18 дзяцей, іспанскія сужэнцы – самая шматдзетная пара Еўропы з дзецьмі школьнага ўзросту. Яны сталі героямі шматлікіх газетных публікацый і тэлеперадач, а 51-гадовая Роза нядаўна напісала кнігу, у якой распавядае пра сваё жыццё і на асабістым вопыце паказвае, як быць шчаслівым у сям’і. У 2016 г. па ініцыятыве сужэнскай пары з гомельскай парафіі, знаёмай з іспанскай сям’ёй, кнігу пераклалі на беларускую мову і выпусцілі ў выдавецтве Гродзенскай дыяцэзіі. Пераклад з іспанскай выканала Юлія Шэдзько, таксама над тэкстам працавала вядомая іспанка, якая ў дасканаласці вывучыла беларускую мову і піша на ёй вершы – Анхела Эспіноса. Дарэчы, Роза Пік бясплатна перадала ўсе правы на выданне яе кнігі і адмовілася ад ганарару. 

25 лістапада прэзентацыя з удзелам сужэнцаў Пасціга-Пік пройдзе ў Мінску ў 18.00 у памяшканні “Тартак” на вуліцы Магілёўская 2, корпус 2 (ст. метро “Інстытут культуры”). Таксама госці з Іспаніі прымуць удзел у св. Імшы ў касцёле св. Сымона і св. Алены. На 26 лістапада запланавана іх сустрэча ў Гомелі, якая адбудзецца ў зале гатэля “Надзея”, пачатак – у 14.00.

Кнігу можна будзе набыць падчас прэзентацый. Таксама яе плануецца рэалізоўваць у каталіцкіх парафіях Мінска, Гомеля, Віцебска, Гродна і іншых гарадоў, у сталічнай краме “Духоўная кніга” па адрасе Багдановіча 25.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.