2016-11-13 12:34:00

Папа: Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей


Заставацца моцнымі ў Пану, крочыць у надзеі, працаваць дзеля будавання лепшага свету, нягледзячы на цяжкасці і смутныя падзеі, якія пазначаюць асабістае і калектыўнае існаванне, гэта тое, што па-сапраўднаму важна, сцвердзіў Пантыфік 13 лістапада 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

“Сённяшні евангельскі ўрывак (Лк 21,5-19) утрымлівае ў сабе першую частку прамовы Езуса аб апошніх часах, у выкладанні св. Лукі. Езус прамаўляе яе знаходзячыся перад Ерузалемскай святыняй і адштурхоўваецца ад праяваў захаплення людзей прыгажосцю гэтага святога месца і яго аздабленняў. Тады Езус кажа: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені, які не будзе павалены”. Можам уявіць, які эфект гэтыя словы мелі на вучняў Езуса! Ён, аднак, не жадаў разбурэння святыні, але хацеў растлумачыць ім, а таксама нам сёння, што чалавечыя пабудовы, нават самыя сакральныя, з’яўляюцца часовымі і нельга пакладаць на іх нашу бяспеку. Колькі меркаваных бяспекаў у нашым жыцці ўяўляліся канчатковымі, але затым аказаліся эфімернымі! З іншага боку, колькі праблем нам здавалася безвыходнымі, але якія былі пераадолены!

Езус ведае, што заўсёды існуюць тыя, хто спекулюе на чалавечай патрэбе ў бяспецы. Таму кажа: “Глядзіце, каб вас не звялі” і звяртае ўвагу на мноства фальшывых месій, якія з’яўляліся. Ён заклікаў таксама не дазволіць войнам, рэвалюцыям і катаклізмам напалохаць і дызарыентаваць сябе, бо таксама і яны з’яўляюцца часткай гэтага свету. Гісторыя Касцёла багатая прыкладамі асобаў, якія зносілі патрасенні і жудасныя пакуты ў спакоі, бо ясна ўсведамлялі, што надзейна захаваны ў руках Бога. Ён – верны і ўважлівы Айцец, які ніколі не пакідае сваіх дзяцей. Бог нас ніколі не пакіне! Гэту ўпэўненасць мы павінны мець у сэрцы: Бог нас ніколі не пакіне!

Заставацца моцнымі ў Пану, у гэтай упэўненасці ў тым, што Ён нас не пакіне, крочыць у надзеі, працаваць дзеля будавання лепшага свету, нягледзячы на цяжкасці і смутныя падзеі, якія пазначаюць асабістае і калектыўнае існаванне, гэта тое, што па-сапраўднаму важна. Гэта тое, што хрысціянская супольнасць паклікана рабіць, каб ісці насустрач “дню Пана”. Менавіта ў гэту перспектыву мы хочам уключыць намаганні, якія з’яўляюцца вынікам гэтых месяцаў, калі з верай перажывалі Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які сёння завяршаецца ў дыяцэзіях усяго свету з закрыццём Святых Дзвярэй катэдральных касцёлаў. Святы Год заахвочвае нас, з аднаго боку, трымаць позірк на спаўненні Божага Валадарства, а з іншага, будаваць будучыню на гэтай зямлі, працуючы дзеля евангелізацыі сучаснасці, каб зрабіць яе часам збаўлення для ўсіх.

Езус у Евангеллі заклікае нас моцна трымаць у думках і сэрцы ўпэўненасць у тым, што Бог кіруе нашай гісторыяй і ведае апошнюю мэту рэчаў і падзей. Пад міласэрным позіркам Пана здзейсняецца гісторыя ў сваім нявызначаным патоку і перапляценні дабра і зла. Але ўсё тое, што здараецца захавана ў Ім. Наша жыццё не можа згубіцца, бо знаходзіцца ў Яго руках. Папросім Панну Марыю, каб дапамагла нам, праз радасныя і сумныя падзеі гэтага свету, захоўваць моцнай надзею вечнасці і Божага Валадарства. Папросім Панну Марыю, каб дапамагла нам зразумець глыбіню гэтай праўды: Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей”.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў сабраныя на ватыканскай плошчы групы вернікаў і уздяліў ім сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.