2016-11-10 12:06:00

Пантыфік: пераадолець спакусу рэлігійнай відовішчнасці


Трэба перамагчы спакусу відовішчнай рэлігіі, якая заўсёды шукае новых пасланняў, як феерверкаў, і з надзеяй чакаць прыйсця Божага Валадарства, заклікаў Святы Айцец 10 лістапада 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. 

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 17, 20-25), у якім Езус адказвае на пытанне фарысеяў аб часе прыходу Божага Валадарства. Хрыстус кажа: “не прыйдзе Валадарства Божае прыкметна, і не скажуць: вось тут, – або: там. Бо Валадарства Божае ёсць унутры вас”.

Каментуючы гэтыя словы, Францішак падкрэсліў, што вера ў Божае Валадарства не мае нічога супольнага з “відовішчнай рэлігіяй”, пастаянным пошукам чагосьці новага: адкрыццямі і пасланнямі. Бог ўжо сказаў сваё апошняе слова ў Езусе Хрысце, а ўсё іншае, як “феерверкі, што асвятляюць цябе толькі на імгненне”, а затым не застаецца нічога: ні развіцця, ні святла.

Паводле Папы, вернікі часта паддаюцца спакусе пошуку такой відовішчнасці, што ў сваёй істоце з’яўляецца чужым Аб’яўленню, пакоры Божага Валадарства, і асабліва чужым – надзеі. Ён заклікаў чакаць прыйсця Божага Валадарства, баронячы ў сэрцы надзею на канчатковую сустрэчу з Панам і з праніклівасцю ахоўваючы яе ад “хмызняку”, які можа з’явіцца побач і перашкаджаць яе росту. 

“Божае Валадарства ўнутры нас, але мы павінны ў спакоі, працы, праніклівасці, бараніць надзею гэтага Божага Валадарства, якое расце аж да таго моманту, калі прыйдзе Пан і ўсё будзе пераменена”, - сказаў Святы Айцец, завяршаючы сваю гамілію.








All the contents on this site are copyrighted ©.