2016-11-10 14:39:00

Выйшаў зборнік гамілій Папы за “аргентынскі” перыяд


10 лістапада 2016 г. у Генеральнай курыі Ордэна езуітаў адбылася прэзентацыя кнігі-зборніку гамілій папы Францішка за перыяд яго служэння на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса ў 1999-2013 гг. Яна выйшла пад загалоўкам: “У тваіх вачах маё слова”. Падрыхтоўкай выдання займаўся кс. Антоніа Спадара, галоўны рэдактар італьянскага езуіцкага часопісу “La Civiltà Cattolica”. У пачатку змешчана інтэрв’ю, якое даў Святы Айцец спецыяльна да кнігі.

Гаміліі дазваляюць прасачыць развіццё духоўнасці папы Францішка, падкрэсліў падчас прэзентацыі кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Ён назваў выданне “лабараторыяй” пантыфікату Францішка. “Гартаючы старонкі зборніку становяцца больш зразумелымі словы і жэсты Пантыфіка, які паставіў у цэнтр свайго служэння праніклівасць і міласэрнасць. Мы лепш разумеем таксама станаўленне таго, каго лічаць самым вялікім маральным і духоўным лідэрам свету, каго, магчыма, найбольш слухаюць на глабальным узроўні, што паказала нядаўняе міжнароднае даследванне “Gallup”, - заўважыў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. 

Кардынал Паралін адзначыў, што арцыбіскуп Берголіа прапаведаваў “у вельмі складаныя часы і заўсёды на карысць рабочых і беспрацоўных”. Яго пропаведзі падштурхоўваюць аргентынскае грамадства да рахунку сумлення, а палітычны клас да адказнасці. У сваіх гаміліях будучы Пантыфік кідае выклік “элітам, хворым ідэалогіяй”. “Папа прызнае складаную гісторыю краіны, яе скрыжаванні, дылемы паміж глабалізацыяй і салідарнасцю; з позіркам веры бачыць у пакутах крызісу муку Хрыста. Адзін з самых галоўных аспектаў крытыкі Берголіа ў адрас рэальнасці тычыцца драмы апусташэння адносін і сувязяў”, - сказаў кардынал і дадаў, што гэта для Францішка сапраўдная драма народу.

Паводле Папы, гамілія заўсёды мае палітычнае значэнне, як і іншыя ўчынкі, якія здзяйсняюцца “сярод народу” і тычацца “будавання цывілізацыі”. “Можна сказаць, што нават у канфесіянале, калі даецца адпушчэнне грахоў, будуецца супольнае дабро”, - сказаў ён у інтэрв’ю, змешчаным у выданні.

Напрыканцы кнігі прыводзіцца гамілія, датаваная 28 сакавіка 2013 г., якая не была прамоўлена ў сувязі з абраннем кардынала Берголіа на Пасад св. Пятра. У ёй ён кажа, што каштоўны алей, якім была намашчана барада Арона, не прызначаўся выключна для яго самаго, але і для таго, каб “разліваўся і дасягаў перыферый”, бо “яго намашчэнне – для бедных, зняволеных, хворых, сумных і самотных”. “Гэта гамілія, як і іншыя, выяўляе багатую паэтычную і народную мову, з якой мы ўжо добра пазнаёміліся. Менавіта з гэтых апошніх слоў кардынала Хорхэ Марыа Берголіа пачалося пятровае служэнне папы Францішка”, - сказаў кардынал Паралін.

Больш за 1000-старонкавая кніга “У тваіх вачах маё слова” выйшла ў італьянскім выдавецтве “Rizzoli”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.