2016-11-09 11:08:00

Святы Айцец: не пакідаць у адзіноце хворых і суцяшаць вязняў


Францішак заклікаў вернікаў не пакідаць у адзіноце хворых людзей і са спагадай адносіцца да вязняў. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 9 лістапада 2016 г. Святы Айцец падзяліўся з вернікамі сваімі разважаннямі адносна двух учынкаў міласэрнасці для цела бліжняга: “адведаць хворых” і “суцяшаць вязняў”.

“Як хворыя, так і вязні жывуць у стане абмежавання свабоды. І калі яна адсутнічае, мы пачынаем усведамляць наколькі яна каштоўная! Езус даў нам магчымасць быць свабоднымі, нягледзячы на абмежаванні, якія ставіць хвароба і зняволенне. Ён дае нам свабоду, якая паходзіць ад сустрэчы з Ім і ад новага разумення таго, што гэта сустрэча нясе для нашай асабістай сітуацыі”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, праз учынкі міласэрнасці, пра якія ідзе гаворка, Пан заклікае вернікаў да здзяйснення вельмі чалавечнага жэсту: дзялення. 

“Хворы часта адчувае сябе самотным. Мы не можам хаваць таго, што асабліва ў нашыя дні менавіта ў хваробе адбываецца самая глыбокая сустрэча з самотнасцю, што пазначае большую частку жыцця. Наведванне можа дапамагчы хворай асобе адчуць сябе менш адзінокай, крыху кампаніі – гэта выдатны лек! Усмешка, пяшчота, пацісканне рукі – гэта простыя, але вельмі важныя жэсты для тых, хто адчувае сябе пакінутым самому сабе. Колькі людзей прысвячаюць сябе наведванню хворых у шпіталях і дамах! Гэта ўчынак бескарыслівага валантарыяту. Калі ён здзяйсняецца ў імя Пана, становіцца таксама красамоўнай і плённай праявай міласэрнасці. Не будзем пакідаць у адзіноце пакутуючых людзей. Шпіталі сёння з’яўляюцца сапраўднымі “катэдрамі болю”, дзе, аднак, становіцца відавочнай таксама сіла любові, якая падтрымлівае і мае спагадлівае стаўленне”, - падкрэсліў Святы Айцец.

У такім жа ключы Папа заклікаў глядзець на ўчынак міласэрнасці “суцяшаць вязняў”. Паводле яго, Езус жадае, каб вернікі глядзелі на зняволеных без асуджэння, бо яны ўжо былі асуджаны, і праз знаходжанне ў турме расплачваюцца за свае ўчынкі. 

“Хто можа ўвайсці ў глыбіню іх сумлення, каб зразумець, што яны адчуваюць? Хто можа зразумець іх боль і жаль? Вельмі лёгка ўмыць рукі, сцвярджаючы, што яны памыліліся. Хрысціянін пакліканы, перш за ўсё, браць на сябе адказнасць, каб той, хто памыліўся, зразумеў учыненае зло і вярнуўся да самаго сябе. Адсутнасць свабоды – гэта без сумніваў адна з найбольшых страт для чалавечай істоты. Калі да яе дадаецца дэградацыя, выкліканая часта пазбаўленымі чалавечнасці ўмовамі, у якіх гэтыя асобы вымушаны жыць, тады гэта сапраўды той выпадак, калі хрысціянін павінен адчуваць сябе закліканым зрабіць усё, каб вярнуць ім годнасць”, - заўважыў Францішак. 

Папа перакананы, што ўчынак міласэрнасці “суцяшаць вязняў” мае асабліва важнае значэнне ў сучасным кантэксце, калі людзі прызвычаіліся асуджаць адно аднаго. “Я часта думаю пра вязняў і маю іх у сваім сэрцы. Я пытаюся ў сябе: што прывяло іх да здзяйснення злачынства і як яны маглі схіліцца да розных формаў зла. Але, разам з гэтымі думкамі, я адчуваю, што яны ўсе маюць патрэбу ў блізкасці і спагадзе, каб Божая міласэрнасць зрабіла цуды. Колькі слёзаў я бачыў на шчаках вязняў, якія напэўна не плакалі ніколі ў жыцці, і гэта толькі па той прычыне, што адчулі сябе прынятымі і любімымі”, - падзяліўся Папа.

Францішак нагадаў, што досвед зняволення пазналі таксама Езус і апосталы, якія нават прабываючы ў турме працягвалі маліцца і евангелізаваць. “Гэтыя ўчынкі міласэрнасці, як бачна, з’яўляюцца старадаўнімі, але заўсёды актуальнымі. Не будзем паддавацца абыякавасці, але станем прыладамі Божай міласэрнасці, каб вярнуць радасць і годнасць тым, хто яе згубіў”, - заклікаў на заканчэнне катэхезы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.