2016-11-09 14:54:00

Ватыкан пачынае рыхтавацца да Божага Нараджэння


Застаецца некалькі дзён да пачатку падарожжа ёлкі на галоўную ватыканскую плошчу. 9 снежня 2016 г. тут адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя святочнага дрэва і ясляў Божага Нараджэння.

25-мятровая ёлка сёлета будзе дастаўлёна ў Ватыкан з ваколіц мястэчка Скурэле, якое знаходзіцца ў аўтаномнай правінцыі Трэнта, у паўночнай Італіі. Яна будзе спілена 13 лістапада. Адначасова, там жа мясцовыя школьнікі пасадзяць 40 новых хвойных дрэваў.

Святочную ёлку з дапамагой верталёта даставяць ў Скурэле, адкуль грузавым аўтамабілем прывязуць на плошчу св. Пятра. Чакаецца, што яна прыбудзе ў Ватыкан у ноч з 23 на 24 лістапада. Упрыгожаць яе керамічныя шары, зробленыя дзецьмі з анкалагічных аддзяленняў італьянскіх педыятрычных шпіталёў. Ілюмінацыю дрэва забяспечаць 18 тыс. святлодыёдаў, агульнай вагой у 140 кг і спажываннем электраэнергіі ўсяго каля 2 кілават на гадзіну.

У сваю чаргу, яслі Божага Нараджэння для галоўнай ватыканскай плошчы стануць дарам Каталіцкага Касцёла і ўладаў Мальты, якія правялі адмысловы конкурс для творцаў. У ім перамог праект скульптара Манвела Грэка, з вострава Гоца. Сцэнаграфія стаенкі, памерам 8 метраў увышыню, 17 – ушырыню і 12 – углыбіню, будзе нагадаваць пра тыповыя мальтыйскія краявіды. Тут будуць размешчаны 17 фігур з пап’е-машэ, апранутых у традыцыйныя мальтыйскія строі. 

У інтэр’ер будзе змешчана тыповая мальтыйская лодка, якая павінна нагадваць не толькі пра традыцыйны для гэтага вострава рыбацкі промысел, але і пра сітуацыю шматлікіх бежанцаў, якія ў пошуках новага жыцця спрабуюць пераадолець Міжземнае мора.

Па традыцыі ў дзень інаўгарурацыі святочнага дрэва і ясляў папа Францішак прыме на аўдыенцыі членаў дэлегацый з Трэнта і Мальты, разам з некалькімі дзецьмі, якія стварылі ёлачныя аздабленні.








All the contents on this site are copyrighted ©.