2016-11-07 12:25:00

Касцёл падтрымлівае цяжкі дыялог у Венесуэле


Касцёл у Венесуэле будзе і надалей падтрымліваць дыялог паміж урадам і апазіцыяй. Ён аднавіўся падчас нядаўняга візіту ў гэтую краіну спецыяльнага прадстаўніка Святога Айца, арцыбіскупа Клаўдыё Марыя Чэлі. Ватыканскі іерарх выказаў упэўненасць у тым, што дыялог з’яўляецца адзіным спосабам выхаду з складанай палітычнай сітуацыі. “Там, дзе няма дыялогу, нараджаецца насілле, якога ніхто не жадае”, - сказаў ён па выніках візіту.

І гэта не будзе лёгка, таму што цяжкасцяў сапраўды шмат, лічыць, у сваю чаргу, старшыня венесуэльскага епіскапату арцыбіскуп Дыега Рафаэль Падрон Санчэс. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё ён адзначыў, што народ страціў давер да кіраўніцтва, таму цяперашняя місія Касцёла вельмі важная, але і вельмі складаная.

“На дадзены момант, дыялог з’яўляецца прыярытэтам як для Касцёла, так і для народа. Тым не менш, існуе вельмі моцная разнастайнасць меркаванняў. З аднаго боку, тыя, хто сапраўды верыць у адраджэнне дыялогу, з другога, пераважная большасць, хто не давярае ўраду, і калі нават спадзяецца на дыялог, не верыць кіраўніцтву. Гэтыя людзі лічаць, што не будзе дасягнута ніякага пагаднення, таму што ў канчатковым рахунку і так няма магчымасці прыйсці да структурных зменаў, якія дазволяць змяніць становішча галечы і адсутнасці бяспекі, у якім жывуць усе венесуэльцы”, - сказаў арцыбіскуп.

На яго думку, “пераважная большасць людзей не вераць у абяцанні, якія зрабіў прэзідэнт, і, такім чынам, не вераць у вынікі дыялогу, таму што не давяраюць ўраду пасля таго, што ён рабіў раней у розныя моманты палітычнага жыцця краіны”. “Мы не атрымалі тое, чаго чакалі, таму што урад не выканаў сваіх абяцанняў. Гэта сапраўды цяжкае становішча”, - сказаў арцыбіскуп Падрон Санчэс.








All the contents on this site are copyrighted ©.