2016-11-06 14:30:00

Папа: факт уваскрасення ратуе веру ад эфемернасці


Уваскрасенню, як праўдзе, якая датычыць усіх у свеце, прысвяціў папа Францішак свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. 6 лістапада 2016 г., падчас сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра, Пантыфік падкрэсліў, што вера ва ўваскрасенне пазбаўляе хрысціянскае жыццё эфемернасці.

“Праз некалькі дзён пасля ўрачыстасці Усіх Святых і Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, літургія сённяшняй нядзелі запрашае нас у чарговы раз задумацца над таямніцай уваскрасення памерлых, – сказаў Папа. – Евангелле (Лк 20, 27-38) прадстаўляе Езуса ў дыскусіі з некаторымі садукеямі, якія не верылі ва ўваскрасенне і абмяжоўвалі адносіны з Богам толькі да вымярэння зямнога жыцця. А таму, каб пасмяяцца з уваскрасення і паставіць Езуса ў цяжкае становішча, яны прапануюць парадаксальны і недарэчны выпадак: жанчына, у якой сем мужоў, якія з’яўляюцца паміж сабой братамі, і якія адзін за адным паміраюць. І таму ў бок Езуса гучыць хітрае пытанне: тая жанчына, пры ўваскрэсенні, чыёй жонкай будзе (Лк 20, 33)?

Езус не трапляе ў пастку і пацвярджае праўдзівасць уваскрасення, тлумачачы, што існаванне пасля смерці будзе адрознівацца ад таго, што на зямлі. Ён дае зразумець сваім суразмоўцам, што не можна ўжыць катэгорый гэтага свету да рэалій, якія выходзяць за яго рамкі і з’яўляюцца большымі за тое, што мы бачым у гэтым жыцці. Таму ён кажа: “Дзеці гэтага веку жэняцца і выходзяць замуж. А тыя, хто будзе годны таго веку і ўваскрасення з мёртвых, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж” (Лк 20, 34-35). Гэтымі словамі Езус мае намер растлумачыць, што ў гэтым свеце мы жывем ў часовай рэальнасці, якая сканчаецца. А ў будучым жыцці, пасля ўваскрэсення, нашым гарызонтам не будзе больш смерць і ўсё, нават чалавечыя сувязі, будуць успрымацца ў Божым вымярэнні, перамененым чынам. Нават сужэнства, знак і прылада любові Бога ў гэтым свеце, ператворыцца ў поўным святле ў хвалебнай камуніі святых на нябёсах.

“Сыны неба і ўваскрасення” – гэта не прывілеяваная меншасць, але ўсе мужчыны і ўсе жанчыны, таму што збаўленне Езус прынёс для ўсіх. І жыццё ўваскраскрослых будзе падобнае да жыцця анёлаў (Лк 20, 36), гэта значыць, усё будзе пагружана ў Божае святло, цалкам прысвечанае Яго праслаўленню, у вечнасці, поўнай радасці і спакою. Але асцярожна! Уваскрасенне – гэта не толькі факт паўстання з мёртвых пасля смерці, гэта новы від жыцця, які мы адчуваем ужо сёння. Гэта перамога над нябытам, якую мы ўжо можам прадчуваць. Уваскрасенне з’яўляецца асновай хрысціянскай веры і надзеі! Калі б не было ніякіх спасылак на нябёсы і вечнае жыццё, хрысціянства было б зведзена да этыкі, філасофіі жыцця. Але пасланне хрысціянскай веры паходзіць з нябёсаў, яго аб’явіў Бог, і яно выходзіць за межы гэтага свету. Вера ва ўваскрасенне мае істотнае значэнне, каб кожны наш акт хрысціянскай любові не насіў характару эфемернасці або самамэты, але станавіўся семем, якому наканавана квітнець у садзе Божым і прыносіць плады вечнага жыцця.

Дзева Марыя, Каралева неба і зямлі, няхай узмацняе нас у надзеі на ўваскрашэнне і дапамагае нам, каб слова яе Сына, пасеянае ў нашых сэрцах, прыносіла плод добрых учынкаў”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй нядзельнай сустрэчы з вернікамі Францішак папрасіў усіх не забывацца маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.