2016-11-04 11:50:00

Святы Пасад: супрацьстаяць нецярпімасці


Пацвердзіць рашучы намер абараняць правы чалавека і змагацца з любой формай дыскрымінацыі заклікаў міжнародную супольнасць Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН падчас сваіх выступленняў 31 кастрычніка і 1 лістапада 2016 г. у рамках 71-й сесіі Генеральнай Асамблеі арганізацыі.

Усе людзі нараджаюцца з аднолькавай годнасцю і правам на жыццё, якое павінна абараняцца ад зачацця і да натуральнай смерці, нагадаў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. Гэта права працягвае, аднак, парушацца і зневажацца, асабліва ў адносінах да мігрантаў, ахвяр канфліктаў, бедных і людзей сталага ўзросту. Адказам краін на “сістэматычнае пазбаўленне права на жыццё” павінна стаць забеспячэнне жыллём і годнымі ўмовамі жыцця тых, хто па прычыне галечы знаходзіцца ў складаным становішчы, сказаў іерарх.

Яшчэ адным крокам да належнай абароны права на жыццё павінна стаць адмена смяротнага пакарання, бо гэтая мера пакарання супярэчыць Божай задуме і сее помсту замест таго, каб чыніць справядлівасць.

Складнікам чалавечых правоў з’яўляецца свабода думкі, свядомасці і веравызнання, падкрэсліў ватыканскі дыпламат. У гэтым сэнсе павінна быць забяспечана, у тым ліку, і права на свабодную змену рэлігійнай прыналежнасці. Арцыбіскуп Ауса перасцярог, што рэлігія становіцца “крыніцай дыскрымінацыі”, калі выкарыстоўваецца і злоўжываецца для зацвярджэння нацыянальнай ідэнтычнасці і адзінства.

Існуе пагроза будаўніцтву мірнага, справядлівага і інклюзіўнага грамадства з боку палітычных партый, рухаў і экстрэмісцкіх груп у многіх рэгіёнах свету, сказаў арцыбіскуп Ауса. Занепакоенасць выклікаюць праявы жорсткасці на фоне расізму і ксенафобіі. Нярэдка гэтыя выпадкі маюць палітычны характар і дыктуюцца страхам іншага чалавека і бояззю “адказнасці ў адносінах да мігрантаў і слабых, якія маюць роспачную патрэбу ў нашай салідарнасці”, падкрэсліў іерарх.

Перад абліччам гэтых небяспечных феноменаў чалавецтва павінна “зноў пацвердзіць рашучы намер змагацца з любой формай дыскрымінацыі і нецярпімасці і прыняць неабходныя меры па іх выкараненні, бо яны супярэчаць прыроджаным годнасці і роўнасці кожнага чалавека”, адзначыў ватыканскі дыпламат.








All the contents on this site are copyrighted ©.