2016-11-03 12:54:00

Папскі прадстаўнік на перамовах у Венесуэле


Прадстаўнік Святога Айца прыняў удзел у першым этапе мірных перамоваў паміж урадам і апазіцыяй у Венесуэле. Сустрэча прайшла 30 кастрычніка 2016 г. у Каракасе ў прысутнасці міжнароднай дэлегацыі. Апостальскую Сталіцу на ёй прадстаўляў арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, былы старшыня Папскай рады па сродкай масавай камунікацыі.

Іерарх распавёў, што бакі канфлікту ў Венесуэле нярэдка выкарыстоўваюць “даволі цяжкія” выразы і фармуліроўкі ў адрас адзін аднаго, таму ў сваім выступленні ён заклікаў перш за ўсё “раззброіць дыялог”. 

Калі ўрад і апазіцыя будуць прытрымлівацца дасягнутых дамоўленасцяў, 11 лістапада 2016 г. паміж імі адбудзецца чарговая сустрэча. “Усе перакананыя, што дыялог, гэта адзіны магчымы шлях. У адваротным выпадку выбухне насілле, а гэтага ніхто не жадае”, - дадаў іерарх.

Паводле арцыбіскупа Чэлі, удзельнікі перамоваў асаблівым чынам адзначаюць ролю Апостальскай Сталіцы ў ініцыяванні мірнага працэсу. Апазіцыя неаднаразова падкрэслівала, што прысутнічае на іх выключна таму, што на іх ёсць прадстаўнік Святога Айца. “Роля, якую грае асоба папы Францішка ў гэтым кантэксце з’яўляецца фундаментальнай”, дадаў ватыканскі іерарх.

24 кастрычніка 2016 г. папа Францішак прыняў з прыватным візітам у Ватыкане Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру. Сустрэча праходзіла ў рамках складанай сітуацыі палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася Венесуэла.








All the contents on this site are copyrighted ©.