2016-11-03 12:20:00

Папа: рэлігіі павінны быць улоннем жыцця і брамамі надзеі


Францішак прыняў на аўдыенцыі буйную міжрэлійную дэлегацыю, у якую ўваходзілі прадстаўнікі хрысціянства, юдаізму, ісламу, будызму, індуізму і іншых веравызнанняў і рэлігій – каля 200 чалавек, – якія працуюць у сферы дабрачыннасці. Сустрэча прайшла 3 лістапада 2016 г. у Клементыйскай зале Апостальскага палацу Ватыкана і была прымеркавана да Юбілейнага Года Міласэрнасці. 

Папа адзначыў, што сутнасць гэтай падзеі ў тым, каб святкаваць таямніцу Божай міласэрнасці не на словах, але галоўным чынам праз справы: “з па-сапраўднаму міласэрным ладам жыцця”, які заключаецца ў “бескарыслівай любові, братэрскім служэнні, шчырым дзяленні”. “Гэта стыль, які Касцёл найбольш жадае засвоіць” , - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак перакананы, што да такога міласэрнага “стылю” пакліканы ўсе рэлігіі. Трэба быць пасланніцамі міру і будаваць адзінства, каб абвяшчаць, што зараз час братэрства, а не супрацьстаяння, падзелаў і закрытасці.

На думку Пантыфіка, важнымі з’яўляюцца сустрэчы паміж прадстаўнікамі рэлігій. Яны дапамагаюць дыялогу і лепшаму знаёмству, пазбаўляюць закрытасці і пагарды, бароняць ад розных форм насілля і дыскрымінацыі. Менавіта гэта падабаецца Богу і адпавядае духу рэлігій, якім з’яўляецца любоў. Сёння яна патрэбна як кісларод, лічыць Папа.

Міласэрнасць павінна знаходзіць свой выраз у прабачэнні, “якое бессумніўна з’яўляецца самым вялікім дарам для іншых”, сказаў Францішак і нагадаў пра важнасць міласэрнага стаўлення да навакольнага асяроддзя. Трэба вучыць сціпласці і павазе, простаму і ўпарадкаванаму жыццю, у якім з мудрасцю і разважлівасцю выкарыстоўваюцца прыродныя рэсурсы, думаючы пра ўсё чалавецтва і будучыя пакаленні, а не толькі пра інтарэсы ўласнай групы ці кароткатэрміновую выгаду.

Святы Айцец нагадаў пра канфлікты і тэрарызм, забойствы і разбурэнні, які пануюць у свеце. “Жудасна, што для апраўдання гэтых варварскіх учынкаў нярэдка выкарыстоўваецца імя рэлігіі ці самаго Бога. Гэтыя злачынныя дзеянні павінны падвергнуцца яснаму асуджэнню; яны абражаюць імя Бога і перашкаджаюць рэлігійным шуканням чалавека”, - сказаў Святы Айцец.

Ён пажадаў, каб рэлігіі былі “ўлоннем жыцця, што нясе міласэрную пяшчоту Бога параненаму і патрабуючаму чалавецтву, каб былі брамамі надзеі, якія дапамагаюць перайсці праз муры, узведзеныя пыхай і страхам”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.