2016-11-01 12:11:00

Святы Айцец падпісаў каталіцка-лютэранскую дэкларацыю


“Тое, што нас яднае, большае за тое, што нас дзеліць”, - гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі падпісанай папам Францішкам і кіраўніком Сусветнай лютэранскай федэрацыі, епіскапам Мунібам Юнанам. Цырымонія падпісання дакумента адбылася ў лютэранскім катэдральным саборы Лунда, у Швецыі, 31 кастрычніка 2016 г. на завяршэнне экуменічнай малітвы з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі.

У дэкларацыі адзначаюцца дасягненні 50-гадовага развіцця дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй: пераадоленне супрацьстаяння і паглыбленне ўзаемнага разумення і даверу. 

Бакі выразілі боль з прычыны парушэння бачнай еднасці Касцёла, канфліктаў і выкарыстання рэлігіі для дасягнення палітычных мэтаў, што мела месца на працягу мінулых 500 гадоў.

“Мы молімся аб аздараўленні нашых ран і нашай памяці, якія перашкаджаюць нашаму ўзаемнаму бачанню. Мы катэгарычна адмаўляемся ад актаў нянавісці і насілля, мінулых і сучасных, асабліва тых, якія здзейсняліся ў імя рэлігіі. Сёння мы чуем Божы загад: адкласці ўсе канфлікты. Мы прызнаем, што былі вызвалены праз ласку, каб прыйсці да еднасці да якой нас нястомна кліча Бог”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

У дакуменце адзначаецца важнасць сумеснага сведчання католікаў і лютэран. Падкрэсліваецца, што еднасці прагне сам Хрыстус. Гаворачы аб магчымасці эўхарыстычнага адзінства, бакі выказалі пажаданне, каб рана падзелу паміж Цэрквамі была аздароўлена, а тэалагічны дыялог адносна гэтага пытання працягваўся. 

У дэкларацыі падкрэсліваецца важнасць супрацоўніцтва ў сферы абароны “годнасці і правоў чалавека, асабліва бедных”, працы на карысць справядлівасці і адмаўлення ўсіх форм насілля, дапамогі бежанцам, аховы навакольнага асяроддзя.

Католікі і лютэране звярнуліся да прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх супольнасцяў, з якімі падтрымліваюць экуменічны дыялог, з просьбай аб малітве і падтрымцы іх імкнення да еднасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.