2016-10-31 15:43:00

Францішак: свет чакае супольнага сведчання хрысціян


Як Хрыстус з’яднаны з Айцом, так і мы павінны быць паяднаннымі паміж сабой, калі жадаем прыносіць плёны, сказаў Пантыфік падчас каталіцка-лютэранскай экуменічнай малітвы, што адбылася 31 кастрычніка 2016 г. у катэдральным саборы Лунда з нагоды 500-годдзя пачатку Рэфармацыі.

Францішак падкрэсліў, што супольная малітва сведчыць аб жаданні заставацца ў еднасці з Богам, а таксама з’яўляецца нагодай для падзякі за дзейнасць шматлікіх людзей, якія “не апусцілі рукі перад абліччам падзелу, але падтрымлівалі жывой надзею на прымірэнне паміж усімі, хто верыць у адзінага Пана”.

Святы Айцец нагадаў пра плённае развіццё дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй. Ён заклікаў не мірыцца з сітуацыяй падзелу і аддаленасці, а таксама пераадоліць супярэчнасці і непаразуменні паміж канфесіямі, працуючы на карысць адзінства, якога жадае сам Бог.

На думку Папы, трэба сумленна паглядзець на мінулае, прызнаць памылкі і прасіць прабачэння за тое, што адбывалася. Адначасова ён заўважыў, што стварэнне дыстанцыі паміж католікамі і лютэранамі, на працягу гісторыі ўмацоўвалі галоўным чынам моцныя гэтага свету, а не самі вернікі. 

Пантыфік спаслаўся на шчырае жаданне бакоў “вызнаваць і бараніць сапраўдную веру”, а таксама заклікаў прызнаць існаванне закрытасці “у саміх сабе з-за страху ці забабонаў адносна веры, якую іншыя вызнаюць з адрознымі акцэнтамі і праявамі” і пераадоліць яе.

Папа падкрэсліў, што Рэфармацыя паспрыяла заняццю Святым Пісаннем цэнтральнага месца ў жыцці Касцёла. Важныя крокі ў каталіцка-лютэранскім дыялогу былі зроблены менавіта “праз супольнае слуханне Божага Слова ў Святым Пісанні”, сказаў ён і заклікаў разам прасіць Бога, каб Яго слова захоўвала вызнаўцаў абедзьвюх канфесій у адзінстве. “Без яго натхнення мы не можам рабіць нічога”, - дадаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, сам досвед Марціна Лютэра і яго вечнае пытанне: “Як магу мець міласэрнага Бога?” кажа пра важнасць глыбокіх адносін з Панам, а паняцце “толькі дзякуючы Божай ласцы” нагадвае, што Бог заўсёды мае ініцыятыву і апярэджвае любы чалавечы адказ.

Францішак адзначыў, што свет чакае ад хрысціян адзінства і пераканаўчага сведчання міласэрнасці. “Разам мы можам абвяшчаць і канкрэтным чынам з радасцю дэманстраваць міласэрнасць Бога, баронячы і служачы годнасці кожнага чалавека. Без гэтага служэння свету і ў свеце, хрысціянская вера – няпоўная”, - падкрэсліў Пантыфік.

Пасля заканчэння экуменічнай малітвы ў лютэранскім катэдральным саборы Лунда, Францішак развітаўся з членамі шведскай каралеўскай сям’і і накіраваўся ў Мальмё. Адлегласць паміж гэтымі гарадамі складае каля 30 км. Папа пераадоліў іх на аўтобусе разам з старшынёй Сусветнай лютэранскай федэрацыі і іншымі членамі афіцыйных дэлегацыі Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.