2016-10-31 09:30:00

Папа пачаў падарожжа ў Швецыю


Святы Айцец пачаў падарожжа ў Швецыю. 31 кастрычніка 2016 г. у 8.20 па рымскім часе самалёт італьянскай авіякампаніі “Alitalia” з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта “Fiumicino” у напрамку шведскага горада Мальмё. За амаль тры гадзіны палёту ён пераадолее 1540 км над тэрыторыяй Італіі, Аўстрыі і Германіі. Па традыцыі Папа скіраваў прывітальныя тэлеграмы кіраўнікам гэтых краін.

Візіт у Швецыю стане 17-м падарожжам Францішка за межы Італіі. Гаворка ідзе пра 26-ю краіну, якую ён наведае за час свайго пантыфікату. Пілігрымка з’яўляецца вынікам развіцця дыялогу паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй і прымеркавана да 500-годдзя Рэфармацыі.

Узгадаць гэту дату было вырашана ў Швецыі, бо менавіта тут, у горадзе Лунд, у 1947 г. была заснавана Сусветная лютэранская фэдэрацыя – структура, якая каардынуе дзейнасць розных Лютэранскіх Цэркваў у 78-мі краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.