2016-10-29 13:35:00

Касцёл мае чатырох новых мучанікаў


Каталіцкі Касцёл мае новых мучанікаў антырэлігійнага пераследу. 29 кастрычніка 2016 г. у Мадрыдзе была беатыфікавана група бэнэдыктынскіх законнікаў, забітых з нянавісці да веры падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі. 

Гаворка ідзе пра чатырох святароў: а. Хасэ Антона Гомэса, а. Анталіна Пабласа, а. Хуана Рафаэля Марыяна Алькасэра Марцінэса і а. Луіса Эўлогіа Відаўрадзага Гомэса. Беатыфікацыйную св. Імшу ўзначаліў кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Ватыканскі пурпурат падкрэсліў, што з 1987 г. Каталіцкім Касцёлам былі абвешчаны мучанікамі больш за 1600 ахвяр грамадзянскай вайны ў Іспаніі, сярод якіх: святары, законнікі, свецкія вернікі, моладзь і людзі старэйшага веку. Усяго падчас гэтага канфлікту, з мэтай выкаранення хрысціянства ў Іспаніі, было забіта каля 10 тыс. католікаў, дадаў ён. 

Новыя благаслаўлёныя “прадэманстравалі бясстрашнасць перад абліччам мучаніцтва, якое прынялі з хрысціянскай мужнасцю, у духу пакоры і прабачэння. Яны былі хладнакроўна расстраляны на сваёй Радзіме, не таму што былі злачынцамі, але таму, што былі святарамі”, сказаў кардынал Амата.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што паказваючы прыклад мучанікаў, Касцёл заклікае ўсіх жыць паводле евангельскіх благаслаўленняў, напаўняючы месцы пражывання людзей “благаслаўлёнай вадой прабачэння, пакоры, братэрства і радасці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.