2016-10-29 11:32:00

Ватыкан: адрэстаўравана ўнікальнае драўлянае ўкрыжаванне


Самае старажытнае драўлянае ўкрыжаванне базылікі св. Пятра было адрэстаўравана і прадстаўлена ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра двухметровы 72-кілаграмовы крыж з фігурай Езуса Хрыста, зроблены ў ХIV ст. італьянскім скульптарам Пьетра Каваліні. 

Працэс рэстаўрацыі расцягнуўся больш чым на год. Ён адбываўся з выкарыстаннем сучасных лазерных тэхналогій і пры фінансавай падтрымцы амерыканскай дабрачыннай арганізацыі “Рыцары Калумба”. Спецыялісты здолелі адкрыць 90% арыгінальных фарбаў скульптуры.

Унікальнасць твору заключаецца ў выключнай анатамічнай дакладнасці чалавечага цела, нехарактэрнай для іншых драўляных укрыжаванняў, з якой аўтар зрабіў скульптуру Хрыста. 

На працягу стагоддзяў ўкрыжаванне неаднаразова мяняла месца свайго “пражывання” ў базыліцы св. Пятра. Вядома, што з 1632 па 1749 гг. яно захоўвалася ў капліцы Укрыжавання, пакуль гэта месца не было занята знакамітай мікеланджэлаўскай “Пьетой”. Доўгі час унікальны мастацкі твор быў забытым і схаваным у адной з капліц базылікі.

Рэстаўрацыя была прымеркавана да Года Міласэрнасці. З нагоды Юбілею вязняў, які пройдзе 6 лістапада 2016 г., адноўленае ўкрыжаванне будзе ўстаноўлена з правага боку ад балдахіна Берніні, а 18 лістапада, у свята пасвячэння базылікі св. Пятра, яно будзе перанесена ў новае месца свайго далейшага прабывання – капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту.








All the contents on this site are copyrighted ©.