Бог плача перад абліччам катаклізмаў, войнаў і забойства мноства нявінных людзей, падкрэсліў Святы Айцец 27 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.
У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 13,31-35), у якім Езус звярнуўся да жыхароў Ерузалема, папракаючы іх за тое, што забіваюць пасланых прарокаў. Езус з вялікай пяшчотай глядзеў на гэтых людзей і плакаў над імі, а ў Яго асобе плакаў сам Бог Айцец, лічыць Пантыфік.
“Хтосьці сказаў, што Бог стаў чалавекам, каб мець здольнасць плакаць, аплакваць тое, што нарабілі Яго дзеці. Плач каля магілы Лазара – гэта плач сябра і плач Айца”, - сказаў ён.
Пантыфік паставіў у прыклад гісторыю пра Блуднага сына, айцец якога кожны дзень выходзіў, углядаючыся ў гарызонт, “жыў у слязах”, чакаючы вяртання дзіця.
Папа перакананы, што Бог і сёння плача па сваіх дзецях, на падабенства зямных бацькі і маці. “Айцец плача з-за катаклізмаў, войнаў, якія вядуцца ў імя ідала грошай, мноства нявінных людзей, якія гінуць пад бомбамі, скінутымі ідалапаклоннікамі грошай. Бог кажа: “Ерузалем, Ерузалем, дзеці Мае, што вы нарабілі?”. Ён кіруе гэтыя словы да бедных ахвяр, а таксама да гандляроў зброяй і ўсіх, хто гандлюе жыццём людзей”, - сказаў Францішак.
All the contents on this site are copyrighted ©. |