2016-10-27 11:33:00

Святы Пасад пра міратворчую місію ААН


Абарона грамадзянскіх асоб павінна быць адным з цэнтральных элементаў міратворчых мандатаў, бо вывучэнне эвалюцыі канфліктаў паказвае на тое, што падчас іх усё больш і больш ахвяр сярод нявінных грамадзянскіх асоб. Аб гэтым заявіў арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Святога Пасаду, 26 кастрычніка 2016 г. у Нью-Ёрку, падчас пасяджэння Чацвёртага камітэту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Іерарх пералічыў жудасныя феномены сучасных узброеных канфліктаў: велізарныя ахвяры сярод дзяцей, масавае перамяшчэнне насельніцтва, наўмыснае знішчэнне грамадзянскай інфраструктуры, поўная знявага да бяспекі супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый і журналістаў і іншыя грубыя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права. Не можна заплюшчваць вочы перад жахлівым злачынствам супраць жанчын і дзяўчынак, злачынствам згвалтавання. Генацыд, ваенныя злачынствы, этнічныя чысткі і злачынствы супраць чалавечнасці працягваюць існаваць у розных кутках планеты. Дзяржавы і міжнародная супольнасць маюць абавязак абараніць тых, хто ім падвяргаецца, нагадаў ватыканскі дыпламат. Ён дадаў, што менавіта міратворчыя місіі з’яўляюцца асноўным інструментам ААН для аказання дапамогі краінам, аслабленым канфліктамі.
 
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы падкрэсліў, што кантроль над узбраеннямі з’яўляецца эфектыўнай стратэгіяй для прадухілення канфліктаў, абароны грамадзянскіх асоб, аднаўлення міру і садзейнічання прымірэнню. Ён звярнуўся з заклікам да дзяржаў абмежаваць вытворчасць, продаж і дарэнне зброі, асабліва ў канфліктных раёнах або раёнах схаваных канфліктаў.

Глыбока трывожаць сексуальныя злоўжыванні і іншыя формы эксплуатацыі з боку міратворцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прызнаўся ватыканскі дыпламат. Свет чакае, што ўвесь міратворчы персанал будзе прытрымлівацца самых высокіх стандартаў паводзінаў, падыходзіць да сваёй місіі прафесійна і дысцыплінавана ва ўсе часы ў імя міру.

Арцыбіскуп Ауса перадаў глыбокую ўдзячнасць папы Францішка для міратворцаў ААН, якім удалося дабіцца аднаўлення міру і стабільнасці ў многіх рэгіёнах свету, і пацвердзіў прыхільнасць Апостальскай Сталіцы супрацоўнічаць для прадухілення, урэгулявання і стабілізацыі канфліктаў, а таксама ўмацавання міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.