2016-10-27 13:11:00

Папа: адказаць на выклікі, звязаныя з крызісам сям’і


Францішак заклікаў адказаць на шматлікія сучасныя выклікі, якім падвергнуты сужэнскія і сямейныя сувязі, і ў якіх ляжаць прычыны сучаснага крызісу сям’і. 27 кастрычніка 2016 г. ён прыняў на аўдыенцыі членаў Папскага інстытута Яна Паўла ІІ – структуры, якая займаецца вывучэннем пытанняў, звязаных з сям’ёй і сужэнствам. Сустрэча прайшла з нагоды пачатку новага акадэмічнага году.

Пантыфік назваў феномены, якія ўплываюць на крызіс сучаснай сям’і: нарцыстычны індывідуалізм; адарванае ад адказнасці за іншага разуменне свабоды; рост абыякавасці да супольнага дабра; ідэалогіі, накіраваныя супраць сям’і; рост беднасці; развіццё новых тэхналогій, супярэчных з сапраўднай годнасцю чалавечага жыцця. Сёння “я” ўсё больш узвышаецца над “мы”, індывідуум над грамадствам. Гэта супярэчыць задуме Бога, Які даверыў свет і гісторыю саюзу мужчыны і жанчыны, перакананы Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што нельга адмаўляць укладу сучаснай культуры ў адкрыццё годнасці, якая палягае на адметнасцях паміж мужчынам і жанчынай. Таму вельмі здзіўляе, што зараз існуе імкненне перакрэсліць гэтыя адметнасці, замет таго, каб знайсці прычыны, якія іх падаўляюць. “Калі ўсё ў парадку паміж мужчынам і жанчынай, таксама і свет і гісторыя развіваюцца добра. У адваротным выпадку, свет становіцца негасцінным і гісторыя спыняецца”, - лічыць Папа.

Ён заўважыў, што сёння самай актуальнай з’яўляецца тэма “блізкасці” Касцёла: блізкасці да новых пакаленняў сужонкаў, блізкасці да сітуацый чалавечай слабасці, каб ласка магла іх вызваліць, вярнуць да жыцця і аздаравіць. “Неад’емная сувязь Касцёла з яго дзецьмі – гэта самы празрысты знак вернай і міласэрнай любові Бога”, - сказаў Пантыфік.

Францішак пажадаў, каб тэалогія і душпастырства сем’яў ішлі разам. “Тэалагічная дактрына, якая не кіруецца і не фарміруецца евангелізацыйнымі мэтамі і душпастырскім клопам Касцёла, з’яўляецца такой жа няўяўнай, як і душпастырства Касцёла, няздольнае ацаніць скарб Аб’яўлення і Традыцыі для лепшага пазнання і перадачы веры”, - падкрэсліў Святы Айцец. 








All the contents on this site are copyrighted ©.