2016-10-26 13:03:00

Святы Пасад у ААН пра міратворчую ролю жанчын


Прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН прыняў удзел у дыскусіі, якая прайшла 25 кастрычніка 2016 г. у Нью-Ёрку, на тэму міратворчай ролі жанчын.

Арцыбіскуп Бернардзіта Аўса нагадаў, што Апостальская Сталіца ўжо даўно выступае за больш актыўны ўдзел жанчын у працэсе падтрымання і ўмацавання міру. Яны могуць і павінны адыгрываць значна большую ролю ва ўсіх гэтых працэсах, з іх асаблівымі магчымасцамі: навесці парадак з хаосу, стварыць супольнасць з падзелу, мір з канфлікту. Іх успрымальнасць і адчувальнасць да патрэб іншых людзей мае важнае значэнне для таго, каб пазбавіць свет войнаў і канфліктаў.

Таму тут павінны быць прадпрыняты міжнародныя намаганні, каб не перашкаджаць жанчынам дабівацца поспеху, атрымоўваць адукацыю, з чым сітуацыю ў многіх частках свету не можна назваць станоўчай. Дарэчы, сёння дзяўчаты складаюць большасць у многіх з больш чым 100 тыс. каталіцкіх навучальных устаноў па ўсім свеце, ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў, у прыватнасці, у тых рэгіёнах, дзе жаночая частка насельніцтва па-ранейшаму пакутуе ад дыскрымінацыі. Там яны атрымліваюць навыкі, якія могуць у значнай ступені спрыяць стварэнню бяспечнага грамадства. 

Патрэбна таксама барацьба з галечай. У многіх частках свету жанчыны не маюць доступу да асноўных паслуг, у тым ліку медыка-санітарнай дапамогі і сацыяльнай абароны. Каля пяцідзесяці ўзброеных канфліктаў, што бушуюць зараз у розных частках свету, заклікаюць міжнародную супольнасць засяродзіць намаганні на цяжкім становішчы жанчын і дзяўчынак у сітуацыях гвалту. Тым, якія сталі ахвярамі гвалту, неабходна дапамагчы пераадолець стыгматызацыю, якой яны падвяргаюцца ў некаторых грамадствах.

Ватыканскі дыпламат заклікаў выкарыстоўваць у поўнай меры актыўную ролю жанчын на ўсіх этапах прадухілення канфліктаў, пасярэдніцтва, ўрэгулявання канфліктаў і постканфліктнага мірабудаўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.