2016-10-25 10:31:00

Прыватны візіт венесуэльскага лідэра да Францішка


Францішак прыняў 24 кастрычніка 2016 г. увечары Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру. Не анансаваны раней візіт меў характар прыватнага. Зала Друку Апостальскай Сталіцы заявіла, што сустрэча праходзіла ў рамках клапатлівай сітуацыі палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага крызісу, у якім апынулася Венесуэла, што накладвае адбітак на паўсядзённым жыцці ўсіх жыхароў краіны.

Праз гэту сустрэчу Папа, якому не абыякавы дабрабыт венесуэльцаў, хацеў унесці ўклад ва ўмацаванне інстытутаў краіны і падтрымаць кожны крок, які вядзе да вырашэння адкрытых пытанняў і фарміруе атмасферу большага даверу паміж рознымі бакамі. Францішак заклікаў мужна прытрымлівацца адкрытага і канструктыўнага дыялогу, каб аблегчыць пакуты людзей, у першую чаргу, бедных, і падтрымаць атмасферу абноўленай сацыяльнай гармоніі, якая б дазволіла глядзець з надзеяй на будучыню народуа, адзначаецца ў спецыяльным паведамленні.

Трэба нагадаць, што ў Венесуэле развіваецца эканамічны крызіс, да якога прычыніліся падзенне коштаў на нафту і рэзкае павелічэнне інфляцыі, якая ўжо перавысіла 700%. У крамах не хапае асноўных прадуктаў, нізкая заработная плата прымушае спецыялістаў масава пакідаць свае працоўныя месцы.

Па краіне нядаўна прайшла новая хваля пратэстаў. Гэта рэакцыя грамадзян на навіны аб адтэрміноўцы рэферэндуму, на якім павінна было вырашыцца пытанне аб датэрміновым спыненні мандату прэзідэнта Мадуры. Венесуэльскі епіскапат выступіў з моцнай крытыкай рашэння аб пераносе плебісцыту.








All the contents on this site are copyrighted ©.