2016-10-24 14:01:00

Святы Айцец да езуітаў: ісці разам, свабодна, паслухмяна


Святы Айцец 24 кастрычніка 2016 г. сустрэўся з удзельнікамі 36-й Генеральнай кангрэгацыі Ордэна Езуітаў. Ён пачаў свой выступ, нагадаўшы словы сваіх папярэднікаў Паўла VI і Бэнэдыкта XVI, у якіх гучаў заклік “ісці разам, свабодна, паслухмяна, аб’яднаныя адно з адным у любові Хрыста, для большай хвалы Божай”. 

“Касцёл мае патрэбу ў вас, разлічвае на вас”, - сказаў Францішак і нагадаў езуітам, што іх місія ў тым, каб ісці разам з Пантыфікам на перыферыі, куды не даходзяць іншыя. Ён адзначыў, што пакліканне езуіта – падарожнічаць па свеце і жыць у любой яго частцы, дзе ёсць надзея на больш актыўнае служэнне Богу і дапамогу душам.
 
У Юбілейны Год Міласэрнасці, Францішак нагадаў членам Таварыства Езуса пра тое значэнне, якое св. Ігнацый Лаёла – заснавальнік езуітаў – надаваў справам міласэрнасці. “Міласэрнасць – не абстрактнае слова, а лад жыцця, які ставіць канкрэтныя жэсты перад словам”, - падкрэсліў ён.

Святы Айцец нагадаў удзельнікам Генеральнай кангрэгацыі, што важная місія Таварыства Езуса – прыносіць суцяшэнне і радасць Божаму народу, і дапамагаць яму, каб вораг чалавечай прыроды не адняў “радасць евангелізацыі, радасць сям’і, радасць Касцёла, радасць стварэння”.








All the contents on this site are copyrighted ©.