2016-10-24 11:16:00

Пантыфік: суровым не знаёма свабода дзяцей Божых


Празмерна суровыя ў наследаванні Божага Закону з’яўляюцца яго рабамі. Бог жа дорыць свабоду, лагоднасць і дабрыню, сказаў Францішак 24 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на евангельскі ўрывак пра аздараўленне Езусам хворай жанчыны ў суботу (Лк 13, 10-17). Гэта выклікала абурэнне ў кіраўніка сінагогі, які ўбачыў тут перш за ўсё парушэнне Закону. 

Хрыстус назваў яго крывадушнікам. Гэта слова Пан неаднаразова ўжываў у адносінах да людзей, якія прытрымліваліся з празмернай строгасцю прадпісанняў Закону, якія не мелі свабоды Божых дзяцей. Францішак падкрэсліў, што Закон быў дадзены для таго, каб зрабіць людзей не нявольнікамі, а сынамі. 

“Суровасць не з’яўляецца Божым дарам. Лагоднасць – так! Дабрыня – так! Добразычлівасць – так! Прабачэнне – так! Але суровасць – не! За суровасцю заўсёды ёсць штосьці схаванае, у шматлікіх выпадках – гэта двайное жыццё, але таксама штосьці нездаровае”, - сказаў Папа. 

Святы Айцец перакананы, што людзі суровыя шмат пакутуюць; яны не шчаслівыя. “На від яны здаюцца добрымі, таму што прытрымліваюцца Закону, але за гэтым маюць штосьці, з-за чаго яны добрымі не з’яўляюцца: яны або дрэнныя, крывадушныя або хворыя”, - сказаў і Пантыфік і ўказаў на прыклад старэйшага брата з евангельскай прыпавесці пра блуднага сына. Ён абураўся паводзінамі свайго бацькі, які з радасцю прымаў дзіця, што вярнулася дахаты з пакаяннем.  

“Ён бачыў у сваім бацьку толькі гаспадара, але ніколі не успрымаў яго як айца. Быў строгім: наследаваў Закон са строгасцю. Іншы адклаў Закон і жыў без яго, нават супраць яго, але ў пэўны момант падумаў пра айца і вярнуўся. І атрымаў прабачэнне. Нялёгка наследаваць Закон Пана не паддаўшыся строгасці”, - заўважыў Папа.

Францішак узнёс малітву за вернікаў, якія сталі занадта суровымі ў выкананні Божага Закону, каб Пан дазволіў ім адчуць, што з’яўляецца іх Айцом, і што Яму падабаецца міласэрнасць, пяшчота, дабрыня, сціпласць і пакора. 








All the contents on this site are copyrighted ©.