2016-10-22 12:36:00

Папа адзначыў прыклад глыбокай духоўнасці Яна Паўла ІІ


Ян Павел ІІ – гэта Папа глыбокай духоўнасці, сфарміраванай тысячагадовай спадчынай польскай гісторыі і культуры, што перадавалася ў духу веры з пакалення ў пакаленне, падкрэсліў Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 22 кастрычіка 2016 г., у літургічны ўспамін гэтага святога.

“Дарагія браты і сёстры, роўна 38 гадоў таму, амаль у гэты самы час, на гэтай плошчы прагучалі словы, скіраваныя да ўсіх людзей на свеце: “Не бойцеся! Адкрыйце і нават расчыніце насцеж дзверы Хрысту”, - заўважыў Папа, спасылаючыся на першую прамову Яна Паўла ІІ пасля яго абрання Біскупам Рыма.

Па словах Францішка, духоўная і культурная спадчына польскага народа была для гэтага Пантыфіка “крыніцай надзеі, сілы і адвагі, з якой ён заклікаў свет шырока расчыніць дзверы Хрысту”. “Гэты заклік перамяніўся ў нястомнае абвячшэнне Евангелля міласэрнасці для свету і чалавека, працягам якога з’яўляецца гэты Юбілейны год”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў польскіх пілігрымаў, прысутных на ватыканскай плошчы, быць трывалымі ў веры і несці сведчанне аб Божай любові ўсім, хто яго патрабуе, згодна з заклікам іх вялікага суайчынніка.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Францішак звярнуўся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў. Ён пажадаў, каб прыклад веры Яна Паўла ІІ вучыў адказваць на сучасныя выклікі, каб яго навучанне дапамагло абняць крыж хваробы, а заступніцтва – напаўняла любоўю новыя сем’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.