2016-10-21 14:57:00

Пантыфік: наследаваць Езуса ў душпастырстве пакліканняў


Душпастырства пакліканняў, гэта не толькі адзін з напрамкаў касцёльнай дзейнасці або працы спецыяльнага аддзелу курыі. Для яго трэба навучыцца стылю Езуса, адзначыў Святы Айцец 21 кастрычніка 2016 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай тэме душпастырства пакліканняў і арганізаванай Кангрэгацыяй па справах Духавенства.

Узгадваючы пра сваё ўласнае пакліканне, якое адкрылася не дзякуючы пачутаму разважанню ці знаёмству з “прыгожай тэорыяй”, але адчуванню на сябе “міласэрнага позірка Езуса”, Францішак заклікаў наследаваць прыклад Хрыста, які выходзіў насустрач іншым, уважліва глядзеў на іх і клікаў за Сабой. 

Душпастырства пакліканняў, паводле яго слоў, патрабуе “Касцёла, які не стаіць на месцы” і не замыкаецца ў “зручным душпастырскім крытэрыі, які называецца “заўсёды так рабілася”. Трэба быць крэатыўнымі і “выходзіць” за рамкі строгасці і “стандартызаваных формул, якія часта аказваюцца анахранічнымі”.

Францішак нагадаў, што першасная адказнасць за пакліканні ляжыць на біскупах і святарах і яна не можа быць дэлегавана ніякаму “бюракратычнаму аддзелу”. “Таксама і вы перажылі сустрэчу, якая змяніла ваша жыццё, калі іншы святар – пробашч, спаведнік, духоўны кіраўнік – дапамог вам адчуць прыгажосць Божай любові”, - сказаў Папа. Ён заклікаў пастыраў быць блізка да моладзі, дапамагаючы ёй зразумець памкненні сэрца і скіроўваючы яе крокі. 

“Сумна, калі святар жыве толькі для самога сябе, замыкаючыся ў бяспечнай крэпасці плябанні, закрыстыі або вузкай групе “найвярнейшых”. Наадварот – мы пакліканы быць пастырамі сярод людзей, здольнымі натхняць душпастырства сустрэчы і праводзіць час прымаючы і слухаючы ўсіх, асабліва моладзь”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што Езус уважліва ўглядаўся ў людзей, як ў сітуацыі з пакліканнем св. Мацвея. У пастаяннай спешцы, паводле яго слоў, можна ўвязнуць у “пустым арганізацыйным актывізме, без здольнасці спыняцца”, якая неабходна для сапраўднай сустрэчы.

“Езус кінуў выклік забабонам і ярлыкам, якія навешвалі людзі. Ён стварыў адкрытую прастору, у якой Мацвей змог убачыць па новаму сваё жыццё і пачаць новы шлях”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Позірк святара, паводле Пантыфіка, павінен “выклікаць захапленне Евангеллем, абуджаць ад духоўнай ляноты, у якую культура спажывецтва і павярхоўнасці нас пагружае і выклікаць сапраўдныя пытанні аб шчасці, асабліва ў моладзі”.

Францішак перакананы, што ў душпастрыстве пакліканняў важна ўвага і разважлівасць, бо “Касцёл і свет патрабуюць сталых і ўраўнаважаных святароў, адважных і шчодрых пастыраў, здольных да блізкасці, слухання і міласэрнасці”.

Святы Айцец заўважыў таксама, што клікаючы вучняў, Езус не рабіў доўгіх прамоваў, не ўручаў ім праграму, якой трэба было следаваць, а проста казаў ісці за Ім. Пантыфік заклікаў не зводзіць веру да “кнігі рэцэптаў ці зборніку правілаў”, але дапамагаць моладзі “стаць на шлях і адкрыць радасць Евангелля”. 

Міжнародная канферэнцыя на тэму душпастырства пакліканняў праходзіла ў Рыме 19-21 кастрычніка 2016 г. У ёй прынялі ўдзел каля 250 дэлегатаў з розных краін свету. З дакладам, прысвечаным задачам пастыраў адносна пакліканняў, удзельнікаў форума пазнаёміў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.