2016-10-20 12:12:00

Святы Айцец назваў тры шляхі пазнання Хрыста


Для сапраўднага пазнання Езуса, не дастаткова ведання катэхізісу, патрэбны малітва, адарацыя і прызнанне сябе грэшнікам, адзначыў папа Францішак 20 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. 

У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на словы з першага літургічнага чытання (Эф 3,14-21), у якім апостал Павел просіць Святога Духа ўмацаваць эфесскіх вернікаў і дапамагчы, каб Хрыстус пасяліўся ў іх сэрцах. 

Францішак заўважыў, што Павел пазнаўваў Езуса стоячы на каленях, у малітве. Хрыстус прысутны ў Евангеллі, і пазнаць Яго можна чытаючы Святое Пісанне або, прынамсі, слухаючы яго падчас св. Імшы. Але, каб быць у стане зразумець шырыню, даўжыню, вышыню і глыбіню Пана, трэба маліцца і прасіць Бога аб ласцы, кажучы: “Ойча, пашлі мне Святога Духа, каб пазнаць Езуса Хрыста”, параіў Папа.

Для пазнання Езуса, паводле Францішка, важнай з’яўляецца адарацыя. “Пана не магчыма пазнаць без звычкі прабывання ў адарацыі, сузірання ў маўчанні”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што такая форма малітвы з’яўляецца найменш вядомай. “Губляць час – дазволю сабе так сказаць – перад Панам, перад таямніцай Езуса Хрыста. Адараваць”, - заклікаў ён.

Пантыфік перакананы, што для таго, каб пазнаць Хрыста, трэба ўсведамляць сябе грэшнікам. “Нельга адараваць без прызнання ўласнай віны”, - падкрэсліў Папа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.