2016-10-20 14:21:00

Папа прыняў у Ватыкане лідэра Буркіна-Фасо


Святы Айцец 20 кастрычніка 2016 г. прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Прэзідэнта Буркіна-Фасо Рока Марка Крысціяна Каборэ. Палітык сустрэўся таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі.

Падчас шчырых размоў, былі падкрэслены добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Буркіна-Фасо, а таксама важны ўклад мясцовага Касцёла ў галіну адукацыі і аховы здароўя. У гэтым кантэксце прагучала спадзяванне, што двухбаковыя адносіны могуць быць падмацаваны прававымі інструментамі, прадугледжанымі міжнародным правам.

Увага была звернута на важнасць нацыянальнага прымірэння, павагі і супрацоўніцтва паміж рознымі рэлігійнымі групамі. Адбыўся абмен думкамі па тэме занятасці сярод моладзі ў афрыканскай краіне, а таксама па некаторых пытаннях, якія тычацца міжнародных інтарэсаў, з асаблівым акцэнтам на бягучыя праблемы, якія закранаюць рэгіён.








All the contents on this site are copyrighted ©.