2016-10-20 14:30:00

Пантыфік прыняў духоўных сыноў св. Аўгустына


Тэма міласэрнасці, якая перамяняе і дае жыццё, была ў цэнтры сустрэчы папы Францішка з удзельнікамі Генеральнага капітула Ордэна аўгустыніянаў-рэкалектаў (Ordo Augustinianorum Recollectorum). У сваёй прамове Святы Айцец заклікаў законнікаў быць “будаўнікамі еднасці і жыць як браты” з “адным сэрцам і адной душой”.

“Бог – гэта наша бяспека і шчасце”, а “ўся наша надзея – у Яго вялікай міласэрнасці”, сказаў Папа. Ён перакананы, што законнікі павінны быць “людзьмі надзеі”, здольнымі спадзявацца на Божую міласэрнасць, каб адказаць на выклікі, якія ставіць Пан. Бог ніколі не расчаруе. Ён той, хто кіруе таямнічым чынам і з айцоўскай любоўю, падбадзёрыў Пантыфік.

Па словах Францішка, Генеральны капітул павінен паспрыяць абнаўленню і ажыўленню запалу манаскай супольнасці, але заўсёды “у паслухмянасці”. Ён заклікаў духоўных сыноў св. Аўгустына паглядзець на мінулае, памятаючы пра любоў Бога і “Яго прысутнасць ва ўсіх падзеях”, і нанова адкрыць багацце харызмату сваёй супольнасці, каб пераадолець цяжкасці і адкаць на сучасныя праблемы.

“Калі Пан знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця, тады ўсё магчыма”, - падкрэсліў Папа. Ён нагадаў пра важнасць прысутнасці законнікаў сярод людзей у якасці будаўнікоў еднасці і грамадства, здольнага распазнаць годнасць кожнага чалавека. Усё гэта, па словах Святога Айца, магчыма, калі дарыць кожнаму чалавеку такую ж любоў, якую самі атрымалі ад Бога.

Ордэн аўгустыніянаў-рэкалектаў узнік у Іспаніі ў канцы XVI ст. у выніку рэформы Ордэна аўгустыніянаў-эрэмітаў. Яго члены, акрамя малітоўнага жыцця, займаюцца місійнай, апостальскай і адукацыйнай дзейнасцю. У свеце налічваецца каля 1200 членаў гэтай манаскай супольнасці, якія працуюць у Іспаніі, ЗША, Кітаі, Вялікабрытаніі, на Філіпінах, у краінах Лацінскай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.