2016-10-20 11:32:00

Ватыканскі кардынал: „Amoris Laetitia” не нішчыць мяжу


„Amoris Laetitia” не ўпаўнаважвае да допуску да св. Камуніі разведзеных асоб, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах, чыё першае сужэнства было сапраўдным, падкрэсліў кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. 

Кіраўнік адной з самых важных ватыканскіх дыкастэрый удзельнічаў у дыскусіі на тэму папскай адгартацыі на французскім каталіцкім тэлебачанні “KTO”. Ён недвухсэнсоўна заявіў, што “адкрыццё”, аб якім ідзе гаворка ў VIII раздзеле дакумента не можа прымяняцца да сітуацый, калі сапраўднасць першага саюзу не выклікае сумненняў.

“Але існуюць іншыя выпадкі, у якіх яшчэ трэба праверыць, ці было сужэнства сапраўдным. Часам мы сустракаем людзей, якія, хоць даўно развяліся, не прааналізавалі свайго становішча, і яно можа быць разгледжана. У такіх сітуацыях, безумоўна, адкрываецца магчымасць іх вывучэння. Тым не менш, у выпадках, калі сапраўднасць сужэнства не падлягае сумневу, і нехта ўвайшоў у другі саюз, яго жыццё супярэчыць таямніцы сакрамэнтальнага сужэнства. І вось гэта мяжа, якую не можна перайсці. Традыцыя Касцёла захавала гэту мяжу, і „Amoris Laetitia” гэтага не змяніла. Такім чынам, не можна казаць, што існуе “адкрытасць” у тым сэнсе, што цяпер разведзеныя, якія жывуць у новых саюзах, пасля праходжання шляху пакаяння, могуць зноў прымаць св. Камунію. Так казаць нельга. Гэта было б несумяшчальна з дакументам і сінадальным працэсам”, - сказаў ватыканскі іерарх падчас тэлевізійнай дыскусіі.

Кардынал Уэле падкрэсліў, што вельмі важным з’яўляецца ўсведамленне вернікамі факту, што прыналежнасць да супольнасці Касцёла не выяўляецца выключна праз прыняцце св. Камуніі. Супольнасць фарміруецца і іншым чынам. Акрамя таго, існуе таксама магчымасць так званай духоўнай камуніі.








All the contents on this site are copyrighted ©.