2016-10-19 14:12:00

Святы Пасад на форуме па мікрафінансаванню


Мікрафінансаванне і мікракрэдытаванне стымулююць не толькі эканоміку, але таксама сацыяльную і культурную сферы, нагадаў кардынал Пітэр Таксан. Ватыканскі іерарх прымае ўдзел у ІІІ Еўрапейскім мікрафінансавым форуме, які праходзіць 19-21 кастрычніка 2016 г. у Рыме і прысвечаны пытанням сацыяльнай рынкавай эканомікі, доступу да крэдытаў і барацьбе з беднасцю. 

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, адзначыў важнасць гэтай тэмы ў канктэсце існавання “культуры адчужэння і эканомікі, якая забівае”. Гэта сістэма дзейнічае на падставе спекулятыўнай логікі, ставячы адзінай мэтай для сябе максімізацыю прыбытку ў кароткі тэрмін, не звяртаючы ўвагі на магчымыя негатыўныя наступствы для чалавека і асяроддзя, заўважыў ён.

Паводле старшыні Папскай рады “Iustitia et pax”, гаворка ідзе пра эканоміку, для якой лічбы важнейшыя за людзей. Яе прычына – антрапалагічны крызіс, які перажывае свет: “адмаўленне першаснасці чалавечай асобы”. Гэты крызіс нашмат больш глыбокі, чым эканамічны, перакананы кардынал. 

На яго думку, неабходны пошук новых, больш інклюзіўных і роўнасных эканамічных мадэляў, скіраваных не на службу выбраным, але на карысць усіх людзей і грамадства. І гэта патрабуе пераходу да сацыяльнай рынкавай эканомікі, як альтэрнатывы капіталізму, пазбаўленаму правілаў і этычнасці.

Гаворка ідзе пра эканоміку, якая інвестуе ў людзей, ствараючы працоўныя месцы і спрыяючы павышэнню кваліфікацыі работнікаў. Для яе неабходна “нарматыўная палітыка” – правілы, якія ўнутры свабоднага рынку будуць гарантаваць здаровыя кампетэнцыі эканамічным актарам, а таксама паставяць межы для тых, хто валодае больш вялікімі рэсурсамі і фінансавай уладай, каб эканоміка была арыентавана на супольнае дабро. 

Патрэбна сучасная сацыяльная палітыка, накіраваная на прадастаўленне ўсім магчымасцяў для ўдзелу ў эканамічным і вытворчым жыцці, і перш за ўсё тым, хто адчужаны і выкінуты на ўзбочыну.

Для перамогі над галоўнымі сучаснымі праблемамі беспрацоўя, няроўнасці і занядбання навакольнага асяроддзя, прылады мікрафінансавання і мікракрэдытавання маюць важнейшае значэнне, адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Паводле яго слоў, мікракрэдыт – гэта перш за ўсё давер да таго, каго банкі разглядаюць у якасці “неплацежаздольнага суб’екту”, давер да адчужаных, маргіналізаваных, адрынутых грамадствам. Гэта давер да бедных і іх здольнасці арганізавацца і рабіць змены для сябе, сваіх сем’яў і супольнасцяў.

Мікрафінансаванне і мікракрэдыты стымулююць развіццё культуры салідарнасці і субсідыярнасці. Бедныя, якія звяртаюцца да іх, атрымліваючы давер і дэманструючы здольнасць выканаць узятыя на сябе абавязкі, атрымліваюць пачуццё годнасці, нараўне з усімі іншымі грамадзянамі, падкрэсліў кардынал Пітэр Тарксан на Еўрапейскім мікрафінансавым форуме. 








All the contents on this site are copyrighted ©.